У наваполацкім прыходзе Архангела Міхаіла рэалізуецца праект «Культура Праваслаўя»
07 кастрычніка 2020Па благаславенню настаяцеля прыхода храма святога Архангела Міхаіла горада Наваполацка протаіерэя Аляксандра Шаховіча распрацаваны новы праект — «Культура Праваслаўя».
У рамках праекта будуць праходзіць духоўна-асветніцкія экскурсіі для навучэнцаў устаноў адукацыі. Каардынатарам мерапрыемстваў прызначана бібліятэкар ДУА «Сярэдняя школа № 11 горада Наваполацка» Жанна Ільянец. Адна з галоўных задач праекта — стварэнне сістэмы ўзаемадзеяння і цеснага супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Полацкай епархіяй.
1 кастрычніка прайшла першая экскурсія, яе ўдзельнікамі сталі навучэнцы 4 класа 11-й школы. Бібліятэкар парафіі Вольга Бакуновіч падрыхтавала для школьнікаў гутарку-дыялог «Праваслаўны храм і яго ўладкаванне». Хлопцы і дзяўчаты наведалі храм Нараджэння святога Іаана Прадцечы. Жадаючыя напісалі памінальныя запіскі аб здароўі і упакаенні, запалілі ля абразоў свечкі.
Пасля заканчэння экскурсіі адбыўся майстар-клас перазвону, які правёў Аляксандр Зіноўеў, званар храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы вёскі Багатырская Полацкага раёна.
Ад імя настаяцеля прыхода ўсім удзельнікам экскурсіі былі ўручаны салодкія падарункі.