У абноўлены Каложскі храм Гродна ўнеслі гістарычны спіс Каложскай іконы Божай Маці
02 мая 2019У Гродне праз стагоддзе вярнуўся гістарычны спіс унікальнай Каложскай іконы Прасвятой Багародзіцы. 1 мая яго ўрачыста ўнеслі ў Барыса-Глебскую (Каложскую) царкву, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Для іконы створаны ківот з дуба, яна будзе знаходзіцца ў храме пастаянна. Бажэственную літургію ў дзень прынясення абраза ў храм узначаліў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, паведамляе «Гродзенская праўда».
— Здабыццё адбылося ў момант заканчэння асноўнага этапу рамонту храма. Мы ўсе ўспрымаем гэта як вяртанне святыні ў абноўлены храм. Гэта знак таго, што рамонт быў зроблены своечасова і правільна, — адзначыў настаяцель Барыса-Глебскага храма протаіерэй Аляксандр Балоннікаў.
Дакладны і адзіны вядомы гістарычны спіс абраза, знікшага звыш 100 гадоў таму, у канцы 2018 года выпадкова выявілі на адным з антыкварных аўкцыёнаў у Германіі. Абраз ўдалося набыць. На працягу некалькіх месяцаў ішлі рэстаўрацыйныя работы.
На адваротным баку іконы ёсць надпіс чарніламі аб тым, што гэты абраз напісаны ў Лаўрскай іканапіснай майстэрні іераманахам Рыгорам.
— Літаральна некалькі тыдняў таму атрымалі адказ, што іконв, магчыма, была напісана ў Кіева-Пячэрскай лаўры Рыгорам (Гардзіеўскім), які ў другой палове XIX стагоддзя быў паслушнікам, памочнікам начальніка, а потым і наглядчыкам іканапіснай майстэрні і школы іканапісу, — адзначыў протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. Ён падкрэсліў, што даследаванні па ўстанаўленню аўтара іконы, месца яе напісання працягваюцца.
Не выключана, што спіс ствараўся для важнай падзеі. Адна з версій абвяшчае, што менавіта гэты спіс быў уручаны імператару Мікалаю II падчас яго візіту ў Гродна.
Цудатворны Каложскі абраз Божай Маці, напісаны, па некаторых дадзеных, у XVI стагоддзі, на працягу стагоддзяў быў галоўнай святыняй Гродзенскага краю. Ён знаходзіўся ў храме да яго абвалу ў 1853 годзе. З іконай звязваюць мноства ацаленняў, а адным са знакавых цудаў стала збавенне Гродна ад разбурэння кайзераўцамі ў 1914 годзе. Пасля малебна аб выратаванні горада праціўнік, які знаходзіўся практычна каля брамы горада, адступіў. У 1915 годзе абраз быў эвакуіраваны. Паводле адной з версій, яго вывезлі ў Мікола-Угрэшскі манастыр у прыгарадзе Масквы. З тых часоў сляды іконы губляюцца.
Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква XII стагоддзя — адзін з найстарэйшых дзеючых храмаў Беларусі. У канцы 2018 года былі завершаны маштабныя работы па захаванню святыні, у прыватнасці, капітальны рамонт драўлянай сцяны храма. Адноўлена апорная здольнасць каркаса будынка, драўляная сцяна выраўнавана па гарызанталі і вертыкалі, заменена ашалёўка фасада. Таксама выканана добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол храма, усталявана вонкавае падсвятленне. Фінансаваліся работы з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, абласнога бюджэту, а таксама спонсарскіх сродкаў. Унутры храма завершана аздабленне драўлянай сцяны знутры. Заменены столь, падлога ў алтарнай частцы. Узведзены балкон для пеўчых, галерэя. Усе гэтыя элементы драўляныя. У якасці матэрыялу выкарыстоўваўся даўгавечны дуб. Таксама ў падлозе царквы было абсталявана археалагічнае акно. Частка падлогі пакрыта трывалым шклом: пад ім прыхаджане і наведвальнікі царквы могуць разгледзець падмурак, а таксама рэшткі некалі страчанай старадаўняй калоны храма.