У Оршу вярнулася святыня, якая ў дарэвалюцыйныя гады захоўвалася ў адным з храмаў горада
03 лютага 2021Абраз свяціцеля Мікалая Цудатворца, напісаны меркавана ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, захавала сям'я аднаго з былых выкладчыкаў духоўнага вучылішча горада Оршы. Пасля распаду СССР ікона трапіла ў рукі перакупшчыкаў ад з'язжаўшых за мяжу сваякоў аршанцаў, а затым была прададзена антыквару з Расіі.
Праз дзесяцігоддзі святыню даставіў на Аршанскую зямлю вядомы беларускі гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў — аўтар гісторыка-асветніцкага праекта «У пошуках страчанага», лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за 2006 год.
Урачыстая перадача абраза адбылася ў Пакроўскім храме, прыпісным да Куцеінскага манастыра, дзе, па гістарычных звестках, абраз знаходзіўся першапачаткова.
«Яшчэ ў 90-я гады разам з фотаздымкамі і паштоўкамі горада Оршы мне ўдалося набыць абраз свяціцеля Мікалая Цудатворца — распавядае Уладзімір Аляксеевіч. — У Воршы ён захоўваўся альбо ў самым Пакроўскім храме, якога ўжо няма, ён быў разбураны, альбо ў дамавой царкве духоўнага вучылішча. Менавіта тут выкладалі і служылі людзі, якія захавалі гэты абраз».
Па словах Уладзіміра Ліхадзедава, за гады свайго існавання ікона перажыла многае: Першую сусветную вайну, Вялікую Айчынную і гады ганенняў. «На здзіўленне, яна захавалася ў даволі добрым стане, асабліва аблічча святога, — адзначае Уладзімір Аляксеевіч. — Бо за гэты час абраз ні разу не рэстаўраваўся».
У Пакроўскім храме быў адслужаны малебен свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, які ўзначаліў архімандрыт Сергій (Брыч), намеснік Свята-Троіцкага Маркава манастыра горада Віцебска.
«Калісьці на гэтым месцы знаходзілася старажытная абіцель, дзе людзі ратавалі свае душы, маліліся за ўвесь свет. Аднойчы яна была разбурана, і, здавалася б, незваротна. Сёння мы бачым дзівосны абраз, які ў свой час захоўваў гэта месца, — абраз свяціцеля Мікалая Цудатворца. Гасподзь явіў нам гэта цуд праз Уладзіміра Аляксеевіча, якому мы вельмі ўдзячныя, — адзначыў архімандрыт Сергій. — Верым, што вяртанне гэтага святога абраза паслужыць новым вітком у гісторыі разбуранага манастыра. І тут з асаблівай сілай пачне стварацца новае духоўнае жыццё».
Пасля перадачы праваслаўнай святыні аршанцы змаглі прыкласціся да ікны свяціцеля Мікалая Цудатворца.
Разам з абразом Уладзімір Ліхадзедаў перадаў храму літаратуру пра гісторыю Праваслаўнай Царквы, аўтарскія кнігі, запісы з фільмамі аб Праваслаўі і гісторыі Русі.