У памяці вечнай будзе праведніца!

15 студзеня 2018

FB_IMG_15159449538615297ред.jpg

Адышла да Госпада Надзея Аляксандраўна Асінкіна, кіраўнік Школы сясцёр міласэрнасці, старэйшая сястра сястрыцтва ў гонар прападобнамучаніц вялікай княгіні Лізаветы і інакіні Варвары.

У Бога няма мёртвых, у Бога ўсе жывыя. Завяршыўшы свой зямны шлях, адна з міласэонейшых жанчын Беларусі не перастае быць побач з тымі, хто разам з ёй служыў Богу і бліжнім. У іх памяці, нібы падтрымка, гучаць мудрыя словы сястры Надзеі: «Нам вельмі важна быць разам, гэта вельмі дапамагае ў служэнні. Статус сястры міласэрнасці дапамагае працаваць над сабой і, нягледзячы ні на што, несці людзям радасць. Калі прыходзіш у дом ці шпіталь і пытаешся «што я магу для вас зрабіць?» — радасць памнажаецца. Бо самыя галоўныя рэчы мы вучымся рабіць праз любоў і бескарыслівае служэнне людзям».

Міласцю Божай у чэрвені 2004 года Надзея Асінкіна была прызначана старэйшай сястрой праваслаўнага сястрыцтва ў імя святых прападобнамучаніц вялікай княгіні Лізаветы і інакіні Варвары Усіхсвяцкага прыхода Мінска. З 2010 года яна — нязменны кіраўнік і выкладчык Школы сясцёр міласэрнасці пры Саюзе сястрыцтваў міласэрнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Мінская, Брэсцкая, Віцебская, Гомельская епархіі... Масква, Смаленск... Цяжка нават палічыць, колькі чалавек сталі ўладальнікамі ўнікальных і неабходных ведаў — у Школе сясцёр міласэрнасці і на майстар-класах, якія праходзілі ў рамках розных мерапрыемстваў. Веды па прафесійнаму догляду за цяжкахворымі дома былі запатрабаваныя ўсюды — і ў царкоўных сясцёр міласэрнасці, і ў свецкіх спецыялістаў. Надзея Аляксандраўна шчодра дзялілася ведамі і вопытам (сама шмат гадоў даглядала за цяжкахворымі людзьмі як у Доме міласэрнасці, так і хатніх умовах, пры немагчымасці знайсці кваліфікаваную сядзелку — навучала сваякоў, каб аблегчыць іх клопаты). «І працерці хворага, высадзіць, выкласці, пакарміць яго, сказаць яму добрыя словы, падбадзёрыць, абнадзеіць. Гэта проста наша жыццё, а не нейкія выпрацаваныя якасці. Гэта ўнутры», — сцвярджала яна.

Гэта сапраўды было ўнутры — веды, мудрасць, вера, добрае слова... І ўсмешка, якая заўсёды падтрымлівала. І вера ў тое, што ўсё будзе добра. Нягледзячы на ўласную цяжкую хваробу, прайшоўшы некалькі курсаў хіміятэрапіі, сястра Надзея ішла ў Дом міласэрнасці, да хворых людзей і ў будні, і на святы. Абавязкова пасля святочнай службы: «Ужо звычка, ды і свята без гэтага не свята, бо людзі чакаюць! І ўсміхнуцца, пацешацца!» Не стала выключэннем і Ражджаство Хрыстова апошняга ў яе зямным быцці 2018 года...

Са святымі ўпакой, Госпадзе, душу рабы Тваёй, новаспачылай Надзеі!

Sestra.by / Church.by