У Полацкай епархіі адбыўся з'езд праваслаўнай моладзі «Стрэчанскія сустрэчы»
15 сакавіка 202113 сакавіка ў Полацкай епархіі адбыўся IX з'езд праваслаўнай моладзі «Стрэчанскія сустрэчы». Маладыя людзі з усіх благачынняў прыехалі ў Полацк, каб зноў сустрэцца з аднадумцамі, пагутарыць, падзяліцца сваімі творчымі здольнасцямі, праектамі і паўдзельнічаць у акцыях.
Пачаўся форум з богаслужэння ў Богаяўленскім кафедральным саборы горада Полацка. Узначаліў Літургію епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій у саслужэнні духавенства епархіі.
Звяртаючыся да святароў і праваслаўнай моладзі, епіскап Ігнацій адзначыў: «Малітва маладых людзей адрозніваецца ад малітвы свяшчэнства і людзей старэйшага ўзросту тым, што мае стараннасць. Хацелася б, каб вы захоўвалі гэты моладзевы запал і настрой ваш заўсёды было ў малітоўным тонусе, каб вы, здзяйсняючы хатняе правіла, і, наведваючы храмы, мелі зносіны з Богам. Чалавек, які заўсёды ходзіць перад вачыма Божымі, імкнецца ачышчаць сваё сумленне пакаяннем, не робіць зла свайму бліжняму, можа быць шчаслівым ў гэтым зямным жыцці і ў будучым». Архіпастыр пажадаў моцнай веры і штодзённай малітвы адзін за аднаго, і каб сустрэча прайшла з духоўнай карысцю.
Далей удзельнікі з'езда наведалі Спаса-Еўфрасіннеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр. Памаліліся ля святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай, прыклаліся да святыняў абіцелі. Пасля агульнай фатаграфіі, падзяліўшыся на шэсць груп, праваслаўная моладзь з кіраўнікамі аддзелаў адправілася выконваць праектныя заданні праваслаўнага відэаквэсту.
Група з дыяканам Ціханам Антухам, кіраўніком місіянерскага аддзела, адправілася ў Полацкі каледж УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава». Будучым настаўнікам прадстаўнікі епархіі распавялі аб асновах хрысціянскай праваслаўнай веры, выкарыстоўваючы мультымедыйную прэзентацыю. Пасля тлумачэння айцец Ціхан адказаў на пытанні навучэнцаў каледжа.
Другая група наведала Прыродна-экалагічны музей горада Полацка з клірыкам парафіі храма Архангела Міхаіла горада Наваполацка іерэем Андрэем Бабушкіным. Пасля экскурсіі рабятам патлумачылі, як трэба рабіць шпакоўні, куды і калі іх размяшчаць. Азнаёміўшыся з інфармацый, група маладых праваслаўных актывістаў зрабілі домікі для птушак, якія размясцілі на тэрыторыі мясцовага дзіцячага садка.
Трэцяя моладзевая група атрымала заданне правесці ўрок у нядзельнай школе для дзяцей пяці-васьмі гадоў. Імправізаваны ўрок юнакі і дзяўчаты з кіраўніком Аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэем Аляксандрам Козелам правялі пры дапамозе відэаролікаў, мультфільмаў і тэатралізаванай пастаноўкі трох павучальных гісторый — прытчаў, выкладзеных у Евангеллі.
Чацвёртая група праваслаўных актывістаў на чале з місіянерам з горада Мінска Аляксандрам Шчарбаковым выконвала заданне апостальскага служэння. Рабяты прапаведавалі ў горадзе Полацку — тлумачылі людзям, што прабачэнне грахоў чалавек можа атрымаць у Праваслаўнай Царкве праз Таінствы Споведзі і Прычасця. У моладзі гэты вопыт быў упершыню. Людзі на вуліцы сустракаліся розныя, таму для актывістаў выкананне задання было часам складаным, але цікавым і пазнавальным.
Пятую групу праваслаўнай моладзі запрасіла да сябе сястрыцтва прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы горада Полацка. У цэнтры гуманітарнай дапамогі «Благо Дать» рабяты рабілі вырабы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Полацкага раёна.
Для шостай групы званар храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Багатырская Аляксандр Зіноўеў правёў экскурсію па храме і духоўна-гістарычнаму музею. Па заканчэнні экскурсіі кожны актывіст паспрабаваў сябе ў ролі храмавага экскурсавода.
Фінальная частка злёту прайшла з удзелам епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація на базе храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы вёскі Багатырская. Кожная праваслаўная група Праваслаўнай Садружнасці са сваім кіраўніком падрыхтавала прэзентацыю праекта свайго відэаквэсту, распавяла пра тое, што спадабалася і якія былі цяжкасці.
Падводзячы вынікі сустрэчы, уладыка Ігнацій адзначыў: «Вельмі прыемна, што злёт праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі становіцца традыцыйным. Кожны год мяняюцца формы правядзення гэтага мерапрыемства. Сёння было прыемна назіраць, як моладзь кажа і думае аб веры, «гарыць» і нясе людзям Святло Хрыстова. Мы абавязкова пастараемся праводзіць такія злёты часцей, прыцягваючы яшчэ большую колькасць моладзі, таму што за моладдзю наша будучыня. Царква павінна прытрымлівацца традыцый нашых продкаў, але абнаўляцца маладымі людзьмі. Дзякуй Богу, я вельмі задаволены нашай моладдзю. Няхай нашы рабяты нясуць святло Хрыстова тым, хто яшчэ не прыйшоў у храм».
Скончыўся з'езд праваслаўнай моладзі «Стрэчанскія сустрэчы» сумесным выкананнем песні «Вера вечная», малітвай і чаяваннем з масленічнымі блінамі.