У свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы мітрапаліт Веніямін узначаліў прастольную ўрачыстасць у Лядзенскім мужчынскім манастыры

07 красавіка 2021

top.jpg

7 красавіка 2021 года, у свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі, у саслужэнні архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія здзейсніў вячэрню і Бажэственную літургію свяціцеля Іаана Залатавуста ў Благавешчанскім манастыры вёскі Малыя Ляды.

Архіпастырам саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 2-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель храма святога дабравернага князя Дзімітрыя Данскога протаіерэй Сергій Башкіраў; ігумен мужчынскага манастыра ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна іераманах Лаўр (Будзіч); начальнік скіта Благавешчанскага манастыра ігумен Патапій (Пронін); брація абіцелі ў свяшчэнным сане і духавенства Барысаўскай епархіі.

Дыяканскі чын узначаліў архідыякан Арэст (Ярэй).

За богаслужэннем былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай пошасці.

Богаслужэбныя спевы выканаў брацкі хор абіцелі пад кіраўніцтвам Віталя Зюскіна.

Пропаведзь пасля запрычаснага сціха прамовіў іераманах Закхей (Вежнавец).

Па заканчэнні Бажэственнай літургіі адбыўся хрэсны ход, пасля якога было здзейснена слаўленне у гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы.

Затым мітрапаліт Веніямін звярнуўся да багамольцаў са словам настаўлення:

«Радасць свята Благавешчання напаўняе нашы сэрцы. У падзеі Благавешчання мы бачым залог будучыні кожнага хрысціяніна, залог нашага спасення, залог таго, што і мы можам быць побач з Дзевай Марыяй пад Яе покрывам і апекай», — адзначыў Патрыяршы Экзарх.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін павіншаваў архіепіскапа Сафронія з 20-годдзем архіерэйскай хіратоніі і надыходзячым 70-годдзем з дня нараджэння і паднёс на малітоўную памяць ікону Прасвятой Багародзіцы.

Таксама ў дар Лядзенскай абіцелі Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы ўручыў Святое Евангелле.

Затым да духавенства і шматлікіх паломнікаў звярнуўся архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

У завяршэнне ўладыка Веніямін павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.

Барысаўская епархія/Church.by

Фотарэпартаж