У свята Светлага Хрыстовага Уваскрасення Патрыяршы Экзарх здзейсніў урачыстае Велікоднае богаслужэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска [+ ВІДЭА]
02 мая 2021У ноч на 2 мая 2021 года, у свята Светлага Хрыстовага Уваскрасення, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў хрэсны ход, святочную Велікодную заўтраню і Бажэственную літургію свяціцеля Іаана Залатавуста ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій Гардун, сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў, ключнік сабора протаіерэй Уладзімір Увараў і клірыкі кафедральнага сабора.
У 23:40 у Свята-Духаў кафедральны сабор даставілі Благадатны агонь з Іерусаліма. Перад пачаткам хрэснага ходу Патрыяршы Экзарх запаліў свечкі ад пераноснай лампады з Благадатным агнём і падзяліўся святыняй з вернікамі.
Велікодную ўтраню і Літургію ў прамым эфіры трансліраваў тэлеканал «Беларусь-1».
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.
Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.
Пасля спеваў сціхір Пасхі мітрапаліт Веніямін прамовіў слова агласіцельнае свяціцеля Іаана Залатавуста на Святую Пасху.
Па сканчэнні Велікоднай утрані протаіерэй Сергій Гардун агучыў Велікоднае пасланне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы на беларускай мове.
Падчас набажэнства былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднаснай пошасці.
Велікоднае пасланне Патрыяршага Экзарха на рускай мове зачытаў клірык Свята-Духава кафедральнага сабора іерэй Дзімітрый Нецвятаеў.
Пасля заамвоннай малітвы мітрапаліт Веніямін здзейсніў асвячэнне артаса.
Пасля адпуста Бажэственнай літургіі Патрыяршы Экзарх павіншаваў вернікаў са светлым святам Уваскрасення Хрыстовага і звярнуўся да ўсіх са словам настаўлення, адзначыўшы, што ў Слове агласіцельным свяціцеля Іаана Залатавуста, у пасланнях і самім богаслужэнні было сказана дастаткова аб сутнасці сённяшняга свята. «Дай Бог, каб мы гэта ўсё зразумелі і захавалі ў душы сваёй! Будзем жа не столькі прасіць у Бога ў гэтыя святыя дні, колькі будзем дзякаваць і славіць за тое, што Ён з такой любоўю і клопатам здзейсніў справу спасення чалавечага роду!», – заклікаў Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У завяршэнне мітрапаліт Веніямін павіншаваў усіх прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.