У святкаванні XXV Дня беларускага пісьменства прынялі ўдзел прадстаўнікі Выдавецкага савета і праваслаўных выдавецтваў БПЦ

04 верасня 2018

top.jpg

Сёлета XXV святкаванне Дня беларускага пісьменства адбылося ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Ва ўрачыстых мерапрыемствах актыўны ўдзел прыняла Беларуская Праваслаўная Царква.

Прывітанне арганізатарам і ўдзельнікам свята накіраваў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Паводле слова ўладыкі Экзарха, Дзень беларускага пісьменства "звяртае нашу ўвагу на гістарычныя карані беларускага народу і да той неацэннай духоўнай спадчыны, якую закліканы беражліва захоўваць і ў меру сваіх сіл прымнажаць кожны патрыёт Беларусі".

У рамках фестывалю кнігі і прэсы, які пачаў працу 1 верасня 2018 года, былі арганізаваны выставы кніг Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, Выдавецтва Беларускага Экзархату, на стэндах якіх у тым ліку была прадстаўлена Літаратура праваслаўных выдавецтваў Лізавецінскага манастыра, Петра-Паўлаўскага сабора Мінска, брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла, а таксама свецкіх выдавецтваў, якія выпускаюць праваслаўную літаратуру: Выдавецтва Дзмітрыя Харчанкі, Медыял і іншых. Выставы выклікалі жывую цікавасць у ўдзельнікаў свята. Іх наведалі таксама архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, святары Пінскай епархіі.

Выдавецкі Савет Беларускай Праваслаўнай Царквы ў павільёне "Сучасная беларуская кніга" Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь арганізаваў выставу навінак праваслаўных выдавецтваў Беларускага Экзархату. Тут былі прадстаўлены: Новы Запавет на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выдадзены Выдавецкім саветам БПЦ у 2017 годзе, а таксама варыянт выдання гэтага перакладу кніг Новага Запавету з прадмовай протаіерэя Сергія Гардуна, надрукаваны Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго, дэманстраваліся пераклады на беларускую мову кніг «Прадмовы і пасляслоўі ды кніг Бібліі Францыска Скарыны» (Мінск, 2018), «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча (Мінск, 2018) і многія іншыя.

2 верасня ў павільёне «Сучасная беларуская кніга» адбылася першая прэзентацыя твору Афанасія, ігумена Берасцейскага «Дыярыуш», перакладзенага са старабеларускай на сучасную беларускую мову членамі Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў і ўпершыню выдадзенага асобнай кнігай у 2018 годзе прыходам Петра-Паўлаўскага сабора. Прэзентацыю правёў старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Мікалай Матрунчык (на фота). Выданне прымеркавана да 370-годдзя з дня пакутніцкай смерці святога ігумена Афанасія.

З цікавасцю была сустрэта прэзентацыя кніг Выдавецкага савета БПЦ, выпушчаных у гэтым годзе да 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннага скону мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі): «Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі (1798-1868): жыццё і служэнне» протаіерэя Аляксандра Раманчука і «Запіскі мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)». Прэзентацыю правёў протаіерэй Аляксандр Раманчук, які прадставіў не толькі вышэйназваныя кнігі, але і 2-е выданне сваёй кнігі «Мітрапаліт Іосіф (Сямашка): нарыс жыцця і царкоўна-грамадскай дзейнасці» (Масква, 2018).

Падчас прэзентацыі айцец Аляксандр адказаў на шматлікія пытанні слухачоў, у тым ліку датычныя складаных пытанняў значэння для Беларусі дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) і яго паплечнікаў, якія паўплывалі на развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці, станаўленне беларускай дзяржаўнасці.

Мерапрыемствы, праведзеныя Выдавецкім саветам БПЦ у рамках святкавання XXV Дня беларускага пісьменства, яскрава прадэманстравалі ўклад Беларускай Праваслаўнай Царквы ў вывучэнне гісторыі Беларусі, у развіццё нацыянальнай кніжнай культуры, праваслаўнага кнігадрукавання на беларускай мове.

Выдавецкі савет БПЦ / Church.by