На парозе Дня праваслаўнай моладзі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій сустрэўся з журналістамі
13 лютага 2017У Полацкай епархіі 10 лютага 2017 года адбыўся круглы стол «Духоўнае здароўе нацыі». У рамках круглага стала архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій абмеркаваў з журналістамі тэму «Моладзь. Погляд у будучыню». Удзел у гутарцы з архіпастырам прынялі журналісты «Віцебскіх вестак», «Полацкага весніка», газеты «Наваполацк сёння» і тэлепраграмы «Скіф-Полацк».
Сімвалічна, што сустрэча адбылася напярэдадні Дня праваслаўнай моладзі, які адзначаецца ў свята Стрэчання Гасподняга. Полацк афіцыйна абвешчаны моладзевай сталіцай Рэспублікі Беларусь 2017 года. Кожны чацвёрты жыхар самага старажытнага горада нашай краіны — малады чалавек ва ўзросце ад 18 да 31 года.
Уладыка Феадосій на сустрэчы не раз падкрэсліваў, што Царква аказвае істотны ўплыў на фарміраванне духоўнасці, культуры і традыцый беларусаў, у тым ліку і маладога пакалення. Роля Царквы ў выхаванні юнакоў і дзяўчат бясспрэчная, таму што яна накіроўвае іх на шлях ісціны, дабра і праўды, а журналісты, у сваю чаргу, даносяць маральныя ісціны да свядомасці маладых людзей праз друкаванае слова. І Царква, і СМІ зацікаўлены ў тым, каб моладзь жыла годна і сумленна, каб ёй былі не чужыя такія жыццёвыя прынцыпы, як міласэрнасць, ветлівасць, чалавекалюбства, павага да старэйшых.
Архіепіскап распавёў журналістам аб мерапрыемствах, якія праводзяцца ў благачыннях Полацкай епархіі з мэтай духоўнага выхавання школьнікаў, студэнтаў, працоўнай моладзі.
Задача супрацоўніцтва Царквы са СМІ — накіраваць нават самыя тоненькія расткі дабрадзейнасці ў патрэбнае рэчышча і дапамагчы некаторым маладым людзям пазбавіцца ад заганаў, каб стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны, адзначыў уладыка Феадосій.
З боку журналістаў прагучала прапанова праводзіць сустрэчы архіепіскапа Феадосія з актывістамі моладзевага руху Полаччыны. Прадстаўнікі медый таксама адзначылі важнасць дыялогу свецкай моладзі са святарамі — у прыватнасці, у сацыяльных сетках.
У завяршэнне сустрэчы ўладыка Феадосій выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва з прэсай і тэлебачаннем. Правячы архіерэй Полацкай епархіі падарыў журналістам на памяць кнігі Н.У. Маслава «Значэнне думак у жыцці чалавека» і «Духоўна-маральныя ўрокі» (паводле твора У. І. Даля «Карціны з побыту рускіх дзяцей»).