У Пустынскім манастыры асвячоны адноўлены Пакроўскі храм
02 чэрвеня 202031 мая 2020 года, у Нядзелю 7-ю пасля Вялікадня, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніў чын вялікага асвячэння адноўленага храма Пакрова Божай Маці ў Успенскім Пустынскім мужчынскім манастыры. Пасля асвячэння Яго Высокапраасвяшчэнства здзейсніў у адроджаным храме Бажэственную літургію.
Архіпастыру саслужылі: сакратар Магілёўскай епархіі протаіерэй Генадзь Пацэвіч, благачынны Мсціслаўскай акругі протаіерэй Вячаслаў Івашкевіч і клірыкі Магілёўскай епархіі.
На богаслужэнні прысутнічалі: старшыня Мсціслаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Леанідавіч Пімашэнка, намеснікі старшыні Валерый Яўгенавіч Качына і Ігар Аляксандравіч Мельнікаў.
Пасля запрычаснага сціха архіепіскап Сафроній прамовіў пропаведзь, распавёўшы сцісла гісторыю Успенскай Пустынскай абіцелі.
Па заканчэнні Літургіі было абвешчана мнагалецце свяшчэннаначаллю, браціі манастыра, уладам і ўсяму пачэснаму сабору.
Яго Высокапраасвяшчэнства павіншаваў усіх прысутных са святам і ўручыў памятныя падарункі і падзячныя граматы людзям, якія ўнеслі найбольшы ўклад у аднаўленне храма.
Старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка ўзаемна падзякаваў правячаму архіерэю за асвячэнне храма і духоўную апеку над жыхарамі Мсціслаўскага краю.
Пустынскі манастыр, паводле падання, быў заснаваны князем Мсціслаўскім Лугвенем (у хрышчэнні Сімяонам; 1356-1431), сынам вялікага князя літоўскага Альгерда. У 1920-х гадах абіцель была спустошана багаборцамі, у 2003 годзе — адроджана.