У рамках Дня беларускага пісьменства адбылася прэзентацыя перакладу Новага Запавету на беларускую мову
03 верасня 20172 верасня 2017 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў урачыстую прэзентацыю перакладу Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову.
Прэзентацыя адбылася ў найстаражытнейшым беларускім горадзе Полацку ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, 1155-годдзя Полацка і Дня беларускага пісьменства.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі: архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій; епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы; дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі.
На прэзентацыі мітрапаліт Павел адзначыў, што пераклад Новага Запавету на сучасную літаратурную беларускую мову з'яўляецца сапраўды гістарычнай падзеяй не толькі для Беларускай Праваслаўнай Царквы, але і для ўсёй Рэспублікі Беларусь. Гэта вынік 25-гадовых прац Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. А пачатак гэтай падзеі паклалі працы святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія і Францыска (у Святым Хрышчэнні Георгія) Скарыны.
Пераклад выкананы на высокім прафесійным узроўні спецыялістамі ў галіне багаслоўя, біблеістыкі і філалогіі. Кніга выйшла ў свет дзякуючы намаганням Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы і Біблейскага таварыства.
Патрыяршы Экзарх выказаў глыбокую сардэчную падзяку ўсім, хто працаваў над перакладам, і выказаў надзею, што Свяшчэннае Пісанне Новага Запавету на беларускай мове стане прызнаным здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі.
Асобнік унікальнага выдання ўладыка Экзарх уручыў дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Раману Матульскаму.