У рамках XXVII Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Духоўнае адраджэнне грамадства і Праваслаўная кніга»
20 мая 202118-19 мая 2021 года ў Мінску праходзілі XXVII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні на тэму «Духоўнае значэнне служэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў кантэксце гісторыі», прымеркаваныя да 800-годдзя з дня нараджэння святога Аляксандра Неўскага.
19 мая 2021 года ў рамках чытанняў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Духоўнае адраджэнне грамадства і Праваслаўная кніга».
На мерапрыемстве прысутнічала больш за 60 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расійскай Федэрацыі — кіраўнікі і спецыялісты публічных і царкоўных бібліятэк, бібліятэк устаноў адукацыі, выкладчыкі ВНУ, устаноў сярэдняй агульнай адукацыі і нядзельных школ, святары і прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Канферэнцыя праходзіла ў вочным і завочным фарматах.
Працай форуму кіравалі протаіерэй Уладзімір Барысевіч, старшыня Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, і Тамара Самайлюк, сакратар Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Протаіерэй Уладзімір Барысевіч зачытаў прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у адрас удзельнікаў канферэнцыі. У сваім слове ўладыка адзначыў, што: «Асветніцкая праца бібліятэк, заснаваная на духоўных праваслаўных традыцыях, з рознымі катэгорыямі насельніцтва, колькасць чытачоў, уцягнутых у гэты працэс, дае надзею, што духоўная сувязь часоў не перапыніцца, і сучасныя маладое пакаленне возьме на сябе адказнасць за лёс Айчыны, як рабілі гэта нашы вялікія продкі». Мітрапаліт пажадаў удзельнікам канферэнцыі дапамогі Божай, натхнення, набыцця цікавых новых ідэй, добрых уражанняў, поспехаў у ажыццяўленні творчых планаў на карысць духоўнай асветы.
Таксама з прывітальным словам выступіў намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, які адзначыў важнасць і неабходнасць сувязі Беларускай Праваслаўнай Царквы і публічных бібліятэк у справе духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання ў традыцыях Праваслаўя.
На канферэнцыі прагучалі даклады спецыялістаў публічных і царкоўных бібліятэк з розных рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікоў з Маскоўскай Педагагічнай Акадэміі (г. Масква), Інстытута развіцця адукацыі Гродзенскай вобласці, Духоўна-асветніцкага цэнтра імя свяціцеля Георгія (Каніскага) Магілёўскай епархіі і іншыя.
Далей у рамках канферэнцыі адбылося пасяджэнне Каардынацыйнай рады па бібліятэчнай дзейнасці Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы пад кіраўніцтвам протаіерэя Уладзіміра Барысевіча.