У Слуцкай епархіі адбыўся VI злёт моладзі «Соль зямлі»
20 ліпеня 2021З 16 па 18 ліпеня 2021 года ў аграгарадку Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна адбыўся VI злёт моладзі Слуцкай епархіі «Соль зямлі».
Пачаўся злёт з малебна на ўсякую добрую справу, які быў адслужаны ў храме Святой Жыццепачатнай Троіцы.
Арганізатары злёту — Віктар Сяргеевіч Бровушкін, кіраўнік епархіяльнага аддзела па справах моладзі, і протаіерэй Алег Абрамовіч, настаяцель Свята-Троіцкага прыхода, — павіталі ўдзельнікаў моладзевага форуму і пажадалі правесці яго з карысцю для сябе і блізкіх, здабыць новых сяброў і знаёмых, а таксама ўвабраць духоўную ежу, якую будуць прапаноўваць лектары.
Затым адбылася сустрэча з іерэем Сергіем Цімашэнкавым, місіянерам, выкладчыкам Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, які пагаварыў з моладдзю аб радасці жыцця, блізкасці Бога, сапраўдных духоўных каштоўнасцях, а таксама адказаў на пытанні. Зносіны ўдзельнікаў працягнуліся ў групах, дзе былі прапанаваны гульні на знаёмства.
Увечары ўсе сабраліся ў храме, каб сумесна малітоўна падрыхтавацца да таінстваў споведзі і прычасця. Бажэственная літургія пачалася апоўначы. Узначаліў богаслужэнне протаіерэй Алег Абрамовіч у саслужэнні іерэя Дзімітрыя Баўкуновіча, часова выконваючага абавязкі кіраўніка Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускага Экзархату, іерэя Васіля Краева, настаяцеля храма праведнай Ганны ў аграгарадку Аношкі Нясвіжскага раёна, іерэя Антонія Яфіменкі, клірыка прыхода кафедральнага сабора святога Архангела Міхаіла ў горадзе Слуцку, іерадыякана Паўла (Жураўскага), клірыка прыхода кафедральнага сабора свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Бабруйска, дыякана Аляксандра Яворскага, клірыка прыхода кафедральнага сабора Ражджаства Хрыстова ў горадзе Салігорску. Спевы выконвала моладзь, якая малілася ў храме, а таксама моладзевы хор прыхода храма велікамучаніка Георгія Перамаганосца горада Нясвіжа пад кіраўніцтвам Хрысціны Пятрэнка.
Усе ўдзельнікі злёту прычасціліся Святых Хрыстовых Тайн.
Падчас агапы іерэй Дзмітрый Баўкуновіч адказаў на пытанні ўдзельнікаў злёту. Затым усе сабраліся ля вогнішча з песнямі пад гітару.
Другі дзень злёту пачаўся з ранішніх малітваў і сняданку, пасля якога адбылася сустрэча з Алегам Ермаловічам, вядомым беларускім ювелірам, які аднаўляў Крыж Еўфрасінні Полацкай, а таксама Тураўскі крыж. Алег Леанідавіч распавёў аб гісторыі ўзноўленых ім святынь, аб працэсе іх аднаўлення, сэнсе кожнай дэталі, аб багаслоўскіх аспектах афармлення крыжоў.
У гэты дзень злёт наведаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Слуцкай епархіі.
Пасля абедзеннага перапынку моладзь гуляла ў бампербол, удзельнічала ў спартыўных эстафетах і праходжанні паласы перашкод.
Увечары адбылася сустрэча з дзесяціразовай чэмпіёнкай свету па скачках з парашутам, ветэранам працы і спорту Верай Міхайлаўнай Слабадзенюк, якая распавяла аб сваім багатым жыццёвым вопыце і дала хлопцам і дзяўчатам настаўленне: быць заўсёды моцнымі духам і весці здаровы лад жыцця.
Прадоўжыўся вечар ігрой на музычных інструментах і песнямі ля вогнішча.
Нядзельная раніца пачалася з агульнай малітвы і сняданку. Затым моладзь спаборнічала ў спрыце, гуляючы ў лазертаг.
Завяршыўся злёт невялікім канцэртам, арганізаваным моладдзю.
У злёце прынялі ўдзел 70 чалавек.