У сталіцы Беларусі адбыліся юбілейныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні

01 чэрвеня 2019

top.jpg

30-31 мая 2019 года ў горадзе Мінску адбыліся Юбілейныя XXV міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні на тэму: «Спадчына святых Кірыла і Мяфодзія ў сусветнай духоўнай культуры».

Арганізатарамі форуму выступілі Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Мінская духоўная акадэмія імя свяціцеля Кірыла Тураўскага. Чытанні прайшлі пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Беларускага Экзархату, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні з'яўляюцца форумам, які на працягу ўжо дваццаці пяці гадоў аб'ядноўвае спецыялістаў і навукоўцаў з Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа, якія працуюць у галіне багаслоўя, гісторыі, філасофіі, культуралогіі і рэлігіязнаўства. Канферэнцыя ўяўляе сабой унікальную пляцоўку для абмеркавання навуковых прац і пошукаў у сферы гуманітарных ведаў, абмеркавання праблем міжкультурнага і міжканфесійнага дыялогу, хрысціянскай духоўнасці і яе значэння для сучаснага свету.

У свой час Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні сталі адным з першых праектаў у сферы супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзяржавы і шырокай грамадскасці. Акрамя гэтага, Чытанні — адзін з самых працяглых праектаў МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» і Інстытута тэалогіі БДУ.

Юбілейныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні сабралі разам больш за 100 удзельнікаў з розных краін.

Адкрыццё канферэнцыі адбылося 30 мая ў канферэнц-зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ё. Рау.

Прывітальны адрас мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, зачытаў епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі.

«Цяперашнія Кірыла-Мефодзіеўскія чытанні з'яўляюцца дваццаць пятымі па ліку. Такім чынам, гэты маштабны форум існуе ўжо чвэрць стагоддзя. Такі значны тэрмін кажа аб тым, што Чытанні запатрабаваныя грамадствам і выконваюць важную місію, якая знаходзіць водгук у сэрцах людзей. Арганізатары Чытанняў імкнуцца працягнуць справу святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, паспяхова садзейнічаючы развіццю ў нашай краіне багаслоўскай навукі і сумежных з ёй дысцыплін гуманітарных ведаў. Чытанні закліканыя нагадаць грамадству аб ролі хрысціянскіх каштоўнасцяў у нашай айчыннай культуры, у фарміраванні дзяржаўнага і сацыяльнага ладу, у паўсядзённым жыцці людзей. Гэтыя асветніцкія задачы робяць Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні ўнікальнай з'явай у межах Беларусі», — сказана ў прывітальным адрасе.

«Спадзяюся, што галоўным вынікам Чытанняў стане цвёрдая ўпэўненасць усіх арганізатараў і ўдзельнікаў форуму ў тым, што подзвіг святых Кірыла і Мяфодзія — гэта не толькі здабытак старажытнай гісторыі, але і крыніца натхнення для нас, людзей XXI стагоддзя. Як выдатна сказаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, культура, заснаваная на Кірыла-Мефодзіеўскай спадчыне, «з аднаго боку, захоўвае памяць пра мінулае, але, з другога боку, з'яўляецца пляцоўкай для развіцця мноства навацый, актыўнага руху наперад. Наша традыцыя — не тое, што застыла ў стагоддзях, яна жыве». Выказваю надзею, што Юбілейныя XXV міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні паслужаць кансалідацыі здаровых сіл нашага грамадства, падтрыманню міжнароднага і міжканфесійнага міру і згоды, умацаванню ўзаемаразумення паміж людзьмі», — гаворыцца ў прывітанні ўладыкі Экзарха.

Пра ролю дзейнасці святых Мяфодзія і Кірыла ў гісторыі і культуры славянскіх краін і Еўропы ў цэлым гаварылі ў сваіх прывітальных словах ганаровыя госці Чытанняў: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр, рымска-каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ёзэф Мігаш, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя і іншыя.

Дырэктар ММАЦ імя Ё. Рау Віктар Фёдаравіч Балакіраў нагадаў пра заслугі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), цяпер Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у арганізацыі Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў.

Пленарныя даклады, прысвечаныя розным аспектам місіі роўнаапостальных Салунскіх братоў, прачыталі: епіскап Сямяціцкі Варсанофій, вікарый Варшаўскай епархіі (Польская Праваслаўная Царква); магістр тэалогіі, магістр-ліцэнцыят кананічнага права Люблінскага ўніверсітэта святар Кірыл Бардонаў (Рымска-Каталіцкая Царква); прафесар доктар Траўгат Розер (Універсітэт горада Мюнстэра, Федэратыўная Рэспубліка Германія).

Мадэратарам цырымоніі адкрыцця Чытанняў выступіў старшыня праўлення МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі. Афіцыйная частка завяршылася канцэртам творчых калектываў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Другі дзень працы форуму прайшоў у памяшканнях Інстытута тэалогіі БДУ і Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра, дзе праходзілі першыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, а таксама ў будынку Мінскай духоўнай акадэміі. Чытанні прайшлі ў фармаце секцый:

  • Біблія ў жыцці грамадства;
  • Багаслоўе культуры;
  • Культура этнаканфесійнага добрасуседства;
  • Актуальныя пытанні гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы;
  • Хрысціянскія каштоўнасці і фарміраванне сацыяльнага рыначнай гаспадаркі;
  • Хрысціянскія каштоўнасці ў сістэме адукацыі.

Завяршыліся Юбілейныя XXV міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні выніковым круглым сталом.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр Church.by

Фотарэпартаж