У Тураве развіталіся з найстарэйшым клірыкам епархіі мітрафорным протаіерэем Герасімам Кадолічам
01 сакавіка 202126 лютага 2021 года напярэдадні свайго 81-га дня нараджэння адышоў да Госпада найстарэйшы святар Тураўскай епархіі мітрафорны протаіерэй Герасім Кадоліч.
Спачылы святар праслужыў ля Прастола Божага больш за 45 гадоў.
Адпяванне і пахаванне нябожчыка адбылося 27 лютага 2021 года ў кафедральным саборы свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх у Тураве.
Айцец Герасім нарадзіўся 29 лютага 1940 года ў вёсцы Аздамічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. У раннім дзяцінстве застаўся круглым сіратой, бацькі памерлі адразу пасля вайны. Выхоўваўся ў сям'і бабулі і дзядулі па лініі бацькі. З шасці гадоў разам з імі ён хадзіў на службы ў царкву ў вёсцы Аздамічы, прыслужваў у алтары. Па сканчэнні сярэдняй школы каля дваццаці гадоў працаваў у мясцовым калгасе. У 1958 годзе ажаніўся з жонкай Ульянай Адамаўнай. Увесь гэты час ён наведваў храм, вывучыў богаслужэнне і ў 1975 годзе прыняў рашэнне служыць Праваслаўнай Царкве ў якасці свяшчэнніка.
Архіепіскапам Мінскім і Беларускім Антоніем (Мельнікавым) 19 лютага 1975 года быў рукапаложаны ў сан дыякана, а 23 лютага таго ж года адбылася яго хіратонія ў іерэя ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска.
Святар паступіў на завочнае аддзяленне Маскоўскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1981 годзе. Першым месцам служэння ў якасці настаяцеля для іерэя Герасіма Кадоліча ў 1975 годзе стала Свята-Троіцкая царква ў вёсцы Вольна Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У студзені 1983 года ўказам мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) быў прызначаны ў Спаса-Праабражэнскі храм горада Чашнікі Віцебскай вобласці. У лістападзе 1984 года — у храм Святога Духа вёскі Краўцоўка Гомельскай вобласці, дзе праслужыў тры гады. З лістапада 1987 года больш за дзесяць гадоў быў настаяцелем храма Усіх Святых у горадзе Тураў Жыткавіцкага раёна. Затым нёс послух, акармляючы праваслаўныя абшчыны ў некалькіх вёсках Палескага рэгіёна. У студзені 1998 года епіскапам Тураўскім і Мазырскім Пятром (Карпусюком) месцам чарговага служэння яму быў вызначаны храм Уздзвіжання Крыжа Гасподняга вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, дзе айцец Герасім працаваў больш за дзесяць гадоў. У 2008 годзе быў накіраваны епіскапам Тураўскім і Мазырскім Сцяфанам (Нешчарэтам) на новы послух — духоўнае акармленне праваслаўнай абшчыны ў вёсцы Боркі, а затым, у 2009 годзе, у вёску Рычаў Жыткавіцкага раёна.
Апошнім месцам служэння протаіерэя Герасіма Кадоліча стаў кафедральны сабор свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція ў горадзе Тураў, куды ўказам епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда (Філя) ён быў прызначаны ў 2014 годзе другім свяшчэннікам.