У Тураўскай епархіі адбыўся сплаў на байдарках «Шляхам свяціцеля Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага»
06 ліпеня 2021З 27 чэрвеня па 2 ліпеня 2021 года па благаславенню епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда ў Тураўскай епархіі адбыўся водны хрэсны ход на байдарках (сплаў) па рацэ Прыпяць «Шляхам свяціцеля Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага».
Арганізатарам правядзення сплаву выступіў прыход кафедральнага сабора святога Архангела Міхаіла ў горадзе Мазыры пры падтрымцы і садзейнічанні кіраўніцтва ГПУ НП «Прыпяцкі» і аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама.
Усяго ў хрэсным ходзе прынялі ўдзел каля 30 чалавек, сярод якіх былі святары, супрацоўнікі епархіяльнага ўпраўлення, прыхаджане храмаў горада Мазыра, педагагічныя работнікі, моладзь, школьнікі.
Увечары 27 чэрвеня, перад пачаткам сплаву, усе ўдзельнікі воднага хрэснага ходу сабраліся ў старажытным горадзе Тураве на набярэжнай ракі Прыпяць, дзе размясцілі намётавы лагер і падрыхтавалі байдаркі да доўгага падарожжа.
Малебныя спеў «За жадаючых па водах плыць» пад адкрытым небам ўзначаліў епіскап Леанід у саслужэнні протадыякана Георгія Тыванюка.
Малітоўна падтрымаць паломнікаў таксама прыбылі і іншыя святары епархіі, у ліку якіх былі: протаіерэй Васіль Пыцель, протаіерэй Ілья Шыць, іерэй Сергій Капітан, іерэй Дзмітрый Гулюта, іерэй Анатоль Маліна, іерэй Аляксандр Бушлякоў, іерэй Ілья Нікалаенка, протадыякан Георгій Тыванюк і дыякан Ігар Сіўчанка.
Уладыка акрапіў кожнага святой вадой, пажадаў Божай дапамогі і паспяховага праходжання воднага хрэснага ходу, і падаў архіерэйскае благаславенне.
На чале калоны паплыла байдарка з харугвай з выявай свяшчэннамучаніка Макарыя Кіеўскага — свяціцеля, асабліва шанаванага ў Тураўскай епархіі.
Маршрут сплаву праходзіў ад горада Турава — калыскі Праваслаўя на Палескай зямлі праз вёску Перароўскі Млынок, аграгарадок Ляскавічы, горад Петрыкаў і да вёскі Скрыгалаў Мазырскага раёна — месца пакутніцкага скону свяшчэннамучаніка Макарыя, вёску Касцюковічы Мазырскага раёна і завяршыўся ў горадзе Мазыры. Усяго хрэсны ход склаў 165 км.
Свяціцель Макарый, мітрапаліт Кіеўскі ў 1497 годзе, праплываючы па Прыпяці ў Кіеў, спыніўся ў вёсцы Скрыгалаў. Падчас здзяйснення Бажэственнай літургіі ён быў забіты татарамі, якія прыскакалі з-пад сцен абложанага Мазырскага замка. На месцы забойства свяшчэннамучаніка ў вёсцы Скрыгалаў стаіць памятная стэла, дзе штогод у дзень яго ўспаміну здзяйсняецца малебен.