У Віцебску прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Жанчыны ў гісторыі роднага краю: жыццё і дзейнасць»

25 кастрычніка 2018

top.jpg

У Віцебскім філіяле Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» прайшла абласная (з міжнародным удзелам) навукова-практычная канферэнцыя «Жанчыны ў гісторыі роднага краю: жыццё і дзейнасць», прысвечаная 100-годдзю стварэння Саюза праваслаўных жанчын і Году малой радзімы ў Беларусі.

Форум быў арганізаваны Віцебскім абласным аб'яднаннем праваслаўных жанчын, Віцебскай абласной арганізацыяй ГА «Беларускі саюз жанчын», дзяржаўнай установай дадатковай адукацыі дарослых «Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі» і віцебскім філіялам установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Міжнародны ўніверсітэт "МІПСА"».

Перад пачаткам працы пленарнага пасяджэння хор студэнтаў Віцебскай духоўнай семінарыі пад кіраваннем студэнта 4-га курса Андрэя Бухенкі выканаў малітву «Цару Нябесны», а таксама прадставіў увазе слухачоў некалькі музычных твораў са свайго рэпертуару.

Падчас адкрыцця канферэнцыі з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся: начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын», старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Пятроўна Жаланава і старшыня Віцебскага абласнога грамадскага аб'яднання праваслаўных жанчын, кіраўнік дыяканічнага цэнтра Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Іна Уладзіміраўна Касцюковіч.

Прывітальны адрас архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя зачытаў настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы горада Віцебска протаіерэй Сергій Захараў.

Усяго падчас пленарнага пасяджэння было заслухана 8 дакладаў.

Праца канферэнцыі працягнулася ў трох секцыях: «Жанчыны ў служэнні Праваслаўнай Царквы», «Жанчыны: гісторыя і сучаснасць» і «Жанчыны роднага краю - гераіні свайго часу».

У дакладах удзельнікаў семінара была адзначана важная роля грамадскіх аб'яднанняў, такіх як Міжнародны саюз праваслаўных жанчын і Беларускі саюз жанчын, па кансалідацыі і каардынацыі намаганняў у духоўна-маральным выхаванні моладзі, абароне інстытута сям'і.

Удзельнікі канферэнцыі звярнулі ўвагу і на далейшую неабходнасць актыўнага ўдзелу жанчын ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Згодна з іх перакананнямі, роля жонкі, маці, захавальніцы ачага ніколі і ні пры якіх абставінах не можа быць дэфармаваная, паколькі гэта рэальны фізічны і духоўны падмурак чалавечага грамадства. Нішто не можа прыносіцца ў ахвяру каштоўнасцям сям'і і мацярынства - тым каштоўнасцям, ад якіх сапраўды залежыць існаванне чалавечай цывілізацыі.

Віцебская епархія / Church.by