У Жыровічах адбыўся музычны фестываль «Жыровіцкі фэст»

20 мая 2021

top.jpg

20 мая 2021 года, у дзень святкавання знойдзення іконы Божай Маці «Жыровіцкая», у аграгарадку Жыровічы праходзіць музычны фестываль «Жыровіцкі фэст».

Фестываль пачаўся па заканчэнні саборнага архіерэйскага служэння ў Жыровіцкай абіцелі, якое ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

«Жыровіцкі фэст» праводзіцца па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя з 2016 года і арганізуецца сумеснымі сіламі Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Слонімскага раённага выканаўчага камітэта і філіяла «Жыровіцкі цэнтр культуры» дзяржаўнай установы культуры «Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў».

У гэтым годзе канцэртная пляцоўка была арганізавана на стадыёне Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. Удзельнікаў і гасцей фестывалю ад імя архіепіскапа Гурыя вітаў благачынны Слонімскай акругі протаіерэй Вадзім Пятліцкі, ад мясцовай улады — намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тамара Ямеліна.

35 выканаўцаў і калектываў прынялі ўдзел у святочным выступленні. Сваімі талентамі артысты-прафесіяналы і аматары — славілі Маці Божую ў свята яе Жыровіцкай іконы. Сярод выступоўцаў былі брацкі хор Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, хор духавенства Брэсцкай епархіі, хор Мінскага духоўнага вучылішча, прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі іераманах Агафангел (Будзішын), узорны ансамбль віяланчэлістаў «Віа-Фантазія», ДУА «Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя М. К. Агінскага» і іншыя выканаўцы.

изображение_viber_2021-05-20_18-29-46.j...

У рамках праекта «Горад майстроў» гасцям свята можна было ўбачыць цікавыя працы і набыць сувеніры. Таксама працавала палявая кухня.

Як адзначаюць арганізатары, мэта фестывалю — аб'яднаць людзей вакол вялікага свята, якое штогод праходзіць у адным з найпрыгажэйшых месцаў Беларусі, з якім звязана гісторыя з'яўлення на грушавым дрэве найвялікшай святыні нашай Радзімы — іконы Божай Маці «Жыровіцкая».

Фота: Мікалай Балюк

Сhurch.by