У Жыровіцкім манастыры адбылося адпяванне і пахаванне схіепіскапа Дзятлаўскага Пятра
09 чэрвеня 20208 чэрвеня 2020 года, у Дзень Святога Духа, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый здзейсніў ва Успенскім Жыровіцкім мужчынскім стаўрапігіяльным манастыры адпяванне вікарыя Навагрудскай епархіі схіепіскапа Дзятлаўскага Пятра, які адышоў да Господа 6 чэрвеня.
Перад пачаткам набажэнства архіепіскап Гурый агучыў спачуванне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Уладыка Гурый таксама прамовіў надмагільнае слова, у якім, у прыватнасці, сказаў:
— Прыкаваны да ложка, ён некалькі гадоў нёс свой крыж тут, у святой абіцелі. Я, наведваючы ўладыку, скардзіўся на цяжкасці сваіх послухаў, уладыка заўсёды падбадзёрваў, прасіў малітваў. Вядома, пра яго жыццё тут больш ведаюць яго кялейнікі, семінарысты, якія дапамагалі, але калі я да яго прыходзіў, ніколі не чуў з яго вуснаў наракання або незадаволенасці, хоць сапраўды яго хвароба была цяжкай. Уладыка спрабаваў жартаваць, падбадзёрваць. І гэта прыклад хрысціянскага нясення крыжа.
Ва Успенскім саборы манастыра была здзейсненая памінальная ліція, пасля заканчэння якой пад спеў «Святая Божа» труну перанеслі да Яўленскага храма абіцелі, дзе архіепіскап Гурый у саслужэнні духавенства здзейсніў чын адпявання. Схіепіскап Пётр быў пахаваны за Крыжаўздзвіжанскім храмам манастыра.
Развітацца з уладыкам Пятром прыйшлі шматлікія святары і міране.