У Жлобіне працуе выстаўка «Вобраз. Традыцыя. Час»
08 чэрвеня 2019Духоўнай атмасферай Полацка, Пскова і Ноўгарада XII-XIII стагоддзяў напоўнены гэтымі днямі сцены Жлобінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Тут адкрылася выстаўка «Вобраз. Традыцыя. Час», на якой прадстаўлены копіі фрагментаў роспісаў храмаў і манастыроў гэтых старажытных гарадоў.
Хай нікога не бянтэжыць слова «копіі» , бо экспанаты выстаўкі па-свойму ўнікальныя. Многія арыгіналы роспісаў ужо страчаны, і толькі дзякуючы копіям мы можам сёння дакрануцца да творчасці далёкіх ад нас па часе майстроў іканапісу і адчуць сувязь пакаленняў. А выкананы гэтыя работы больш за 30 гадоў таму выпускнікамі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў падчас спецыяльнай творчай экспедыцыі. Сёння на прасторах былога Савецкага Саюза падобная экспазіцыя ёсць толькі ў Кіеве.
Арганізатарамі гэтай перасоўнай выстаўкі, якая пабывала ўжо ў Гомелі, Віцебску, Салігорску, Бабруйску, Светлагорску, Рагачове і іншых гарадах Беларусі, выступілі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, прыход храма велікамучаніцы Варвары аграгарадка Баравікі Светлагорскага раёна і Светлагорская карцінная галерэя «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава.
На адкрыцці выстаўкі ў Жлобіне выступілі настаяцель Варварынскага прыхода архімандрыт Аляксій (Жэлянок), каардынатар прыхода Аляксандр Каршук і дырэктар галерэі Надзея Шынкевіч. Ганаровым гасцям за іх старанні падзякавалі клірык Жлобінскага храма Святой Жыццепачатнай Тройцы іерэй Павел Куліш і дырэктар бібліятэкі Таццяна Яновіч.
Прадоўжыцца выстаўка ў Жлобіне да 16 чэрвеня.