Вечар памяці навамучанікаў прайшоў у Гомелі
08 лютага 20175 лютага 2017 года епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан прыняў удзел у вечары памяці навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, які быў падрыхтаваны Царкоўна-гістарычнай камісіяй Гомельскай епархіі і адбыўся ў храме святога Архангела Міхаіла ў г. Гомелі. У вечарыне таксама бралі ўдзел: благачынны манастыроў Гомельскай епархіі архімандрыт Амвросій (Шаўцоў), благачынны цэркваў Гомельскай гарадской акругі протаіерэй Ігар Альшанаў, духавенства Гомельскай епархіі, гамяльчане і госці горада.
Правёў сустрэчу навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Андрэй Скідан. У гэты вечар прысутныя ўспаміналі аб хрысціянах, пацярпелых або прыняўшых пакутніцкую смерць за вызнанне веры ў Хрыста ў перыяд паслярэвалюцыйных ганенняў.
Так, 17 студзеня 1930 года свяшчэннамучанік Аляксій Крацянкоў быў арыштаваны і абвінавачаны ў стварэнні контррэвалюцыйнай манархічнай арганізацыі, вінаватым сябе не прызнаў і быў расстраляны. У памяць аб ім гамельчане арганізавалі збор сродкаў для напісання іконы навамучаніка Аляксія Крацянкова і перадачы яе ў Мікалаеўскі храм вёскі Няглюбка.
Ахвярамі савецкага тэрору таксама сталі тысячы праваслаўных вернікаў — мужчын і жанчын.
Лёс Алены Яхімаўны Мелкаступавай, жыхаркі вёскі Антаўка, падобны на лёсы многіх жанчын, якія пацярпелі за веру. Падпісаўшы на допыце чысты ліст паперы, была асуджана на 10 гадоў лагераў. Пасля вызвалення, нягледзячы ні на што, працягнула свой шлях вызнаўцы. На вечарыне выступіла з успамінамі ўнучка Алены Яхімаўны.
— Пабожнасьць людзей, на якіх выстаяла ў цяжкія часы Царква, заўсёды застанецца прыкладам для пераймання. Царква — створаны па Волі Божай арганізм, які Дух Святы трымае сваёй благадаццю. Дзякуючы людзям, якія змаглі падняць пласт важнай гісторыі для Праваслаўнай Царквы, мы захоўваем памяць пра тых, чый подзвіг меў асаблівае значэнне для захавання праваслаўнай веры і яе духоўнага адраджэння, — адзначыў у канцы сустрэчы епіскап Сцяфан.