Вернікі розных канфесій шукаюць шляхі кансалідацыі ў справе абароны традыцыйных сямейных каштоўнасцяў

09 сакавіка 2020

top.jpg

52 600 подпісаў пакінулі жыхары Беларусі пад зваротамі да Прэзідэнта з просьбай ініцыяваць прыняцце закона аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасэксуалізму і іншых палавых скажэнняў непаўналетнім. Такую лічбу агучыў на прэс-канферэнцыі ў сталічнай гасцініцы «Славянская» 9 сакавіка Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы».

Валанцёры «Адкрытых сэрцаў» збіралі подпісы з ліпеня па верасень 2019 года. У верасні ініцыятыву падтрымалі каталіцкія епіскапы Беларусі, а ў лістападзе - праваслаўны Лізавецінскі манастыр пад Мінскам. Асноўнымі пляцоўкамі збору подпісаў у далейшым сталі каталіцкія і праваслаўныя прыходы. Адзначаецца, што ў зваротах ідзе гаворка аб неабходнасці прыняцця надведамаснай Нацыянальнай праграмы па захаванню традыцыйных каштоўнасцяў, што з'яўляецца залогам існавання беларусаў як самабытнай і суверэннай нацыі.

— Хто спакусіць аднаго з малых гэтых <...>, таму лепей было б, каб <...> утапілі ў глыбінí марской (Мф. 18:6), — гэтыя словы Хрыста прывёў падчас прэс-канферэнцыі каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адзначыўшы, што ініцыятыва фонду «Адкрытыя сэрцы» для яго — «крык душы бацькоў, занепакоеных выхаваннем сваіх дзяцей». Са слоў іерарха, збор подпісаў супраць гей-прапаганды не азначае нянавісці да людзей ЛГБТ. «Мы не супраць каго-небудзь, мы за абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дадаўшы: «хто для мяне людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі? Гэта мае браты і сёстры. Каталіцкая Царква ў Беларусі ніколі не сцвярджала, што трэба каго-небудзь пераследваць. Але мы не можам быць талерантнымі да граху». Іерарх адзначыў, што мэта духоўнага акармлення людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі — «давесці да іх, што яны здзяйсняюць памылку. Добра, у іх ёсць такія схільнасці, але ў кагосьці ёсць схільнасці да наркаманіі, у кагосьці — да алкагалізму, але гэтыя людзі могуць сябе стрымліваць. Без Бога нічога не зробім».

Духаўнік Лізавецінскага манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак, паказаўшы на стос падпісных лістоў, заявіў: «Гарантую, тут будзе тры ці чатыры такія стосы, калі гэта можа нешта змяніць. Але, напэўна, мы павінны самі сябе змяняць». Святар падкрэсліў, што ведае прыклады, калі людзі з «нездаровай цягай не да таго полу», спавядаючыся і прычашчаючыся Святых Хрыстовых Таін «вылечваліся і стваралі нармальныя сем'і», у якіх нараджаліся дзеці.

Ініцыятары збору подпісаў выступаюць за прыцягненне асоб, якія вядуць гей-прапаганду сярод непаўналетніх, да крымінальнай адказнасці. Разам з тым, Уладзіслаў Валаховіч адзначыў, што канкрэтную меру пакарання будуць усталёўваць заканадаўцы.

Каментуючы расійскі досвед забароны гей-прапаганды, дырэктар фонду «Адкрытыя сэрцы» адзначыў: «Так, мы прапануем ініцыятыву, якая падобная на расійскую. Але тым самым мы паказваем сваю беларускую ідэнтычнасць, паказваем, што мы — за традыцыйнае».

Фота з партала Sobor.by

Church.by