Віцябляне змогуць убачыць дакладныя копіі фрэсак XII стагоддзя
09 ліпеня 2018З 11 па 19 ліпеня ў выставачнай галерэі храма Праабражэння Гасподняга горада Віцебска (ніжні храм Успенскага кафедральнага сабора) пройдзе выстава копій фрэскавага жывапісу Полацка, Пскова і Ноўгарада. Копіі выканалі выпускнікі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Адкрыццё выставы адбудзецца 11 ліпеня ў 11:00.
Экспазіцыю складаюць копіі фрэсак ХІІ стагоддзя Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага Полацкага манастыра, царквы Нараджэння Багародзіцы Снетагорскага жаночага манастыра каля Пскова (1313 год), Спаса-Праабражэнскай царквы (каля 1140 г.) Міражскага манастыра ў Пскове. Сцены гэтых храмаў распісаны выявамі святых і біблейскіх сюжэтаў у візантыйскім стылі. Гэты стыль стварае святланоснасць малюнка, каб паказаць, што Сам Бог, які яўляецца свету, ёсць Святло: Я святло свету (Ін. 8: 12). Галоўная «дзеючая Асоба» фрэскавага жывапісу — Святло, гэта значыць Бог, Які абнаўляе чалавека і свет.