Ва ўсіх епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы прайшлі мерапрыемствы да Дня праваслаўнай кнігі
14 сакавіка 2021Ва ўсіх епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы прайшлі мерапрыемствы да Дня праваслаўнай кнігі, які адзначаецца 14 сакавіка. У шэрагу ўстаноў адукацыі, бібліятэк, храмаў і нядзельных школ розных гарадоў і вёсак адбыліся круглыя сталы, прэзентацыі, семінары, гутаркі, кніжныя выставы.
Па словах старшыні Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэя Алега Кунцэвіча, святкаванне Дня праваслаўнай кнігі стала не толькі добрай традыцыяй, але і важным напрамкам у сістэме духоўна-маральнага выхавання, у першую чаргу падрастаючага пакалення.
Дзень праваслаўнай кнігі ў Беларускай Праваслаўнай Царкве прымеркаваны да ўспаміну выдання ў 1517-1519 гадах Францыскам (у святым хрышчэнні Георгіем) Скарынай першай на ўсходнеславянскіх землях друкаванай Бібліі і выданню ў 1564 годзе дыяканам Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам (выхадцам з беларускіх зямель) кнігі «Апостал», якая стала першай друкаванай кнігай у Маскоўскім царстве.
Мэта правядзення Дня праваслаўнай кнігі — развіццё цікавасці да духоўнай літаратуры, прывіццё любові да чытання ў падрастаючага пакалення. Дзень праваслаўнай кнігі ўвасабляе прызнанне вялізнага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, у далучэнні іх да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі.