Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва абмеркаваны ў ходзе сустрэчы мітрапаліта Веньяміна з міністрам працы і сацыяльнай абароны Ірынай Касцевіч
12 сакавіка 202111 сакавіка ў Мінскім епархіяльным упраўленні адбылася рабочая сустрэча мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з міністрам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірынай Касцевіч.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні ўзаемадзеяння Царквы і дзяржавы ў сферы аказання сацыяльнай дапамогі насельніцтву.
У прыватнасці, былі разгледжаны перспектывы ўзаемадзеяння Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню БПЦ, благачынняў і прыходаў з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінска і Мінскага раёна, дасягнута дамоўленасць аб сумесных візітах Патрыяршага Экзарха і міністра працы і сацыяльнай абароны ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання.
Бакі дамовіліся аб выданні міністэрствам у дапамогу царкоўным сацыяльным аддзелам метадычных рэкамендацый з крытэрыямі і відамі дапамогі, належнымі просьбітам з боку дзяржавы. Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі і правядзенні 15 мая сумеснага форуму да дня сям'і.