Выхаванцы школы-інтэрната здзейснілі паломніцкую паездку
29 ліпеня 201725 ліпеня 2017 года па благаславенню Праасвяшчэннага Сцяфана, епіскапа Гомельскага і Жлобінскага, 50 дзяцей-сірот з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якія з'яўляюцца выхаванцамі Улукоўскай дапаможнай школы-інтэрната Гомельскага раёна ў суправаджэнні протаіерэя Аляксандра Банадыкава, настаяцеля прыхода храма святога апостала Іаана Багаслова ў в. Бярозкі і адміністрацыі і педагогаў школы-інтэрната здзейснілі паломніцкую паездку ў храм святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў в. Белае Балота і да крыніц у в. Чорнае Рэчыцкага благачыння.
Настаяцель храма іерэй Аляксій Мароз разам з усімі пілігрымамі здзейсніў малебен аб здароўі перад цудатворнай іконай Божай Маці «Неўпіўная чаша». У завяршэнне малебна дзеці і дарослыя ўкленчылі перад ёю, і кожны звярнуўся са сваёй асабістай просьбай ці з удзячнасцю.
Многія дзеці і дарослыя акунуліся ў крыніцах, пагутарылі на свежым паветры і былі шчодра пачаставаны прысмакамі і чаем. Дырэктар школы-інтэрната Наталля Генадзьеўна Пруднікава адзначыла: «Для нас было дзіўным і радасным тое, што ўсе дзеці з жаданнем загадзя рыхтаваліся да гэтай паездкі, чакалі яе і ніводнае дзіця не адмовілася».
Паломніцкая паездка была арганізавана сацыяльным аддзелам епархіі.