Уручаны ўзнагароды лаўрэатам рэгіянальнага этапу міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Прыгажосць Божага свету»
24 лістапада 201723 лістапада 2017 года ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Прыгажосць Божага свету» — прадстаўнікоў Мінскай епархіі.
Мерапрыемства адкрыў протаіерэй Святаслаў Лявіцкі, настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподняга горада Мінска, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі.
Айцец Святаслаў павіншаваў пераможцаў і адзначыў, што іх працы будуць удзельнічаць у наступных этапах конкурсу, якія будуць праводзіцца ўжо ў Маскве. Затым святар перадаў слова епіскапу Барысаўскаму і Мар'інагорскаму Веніяміну — кіраўніку Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Архіпастыр пажадаў узнагароджаным далейшых творчых поспехаў. Уладыка Веніямін таксама выказаў надзею, каб канкурсанты, прыняўшы першыя царкоўныя ўзнагароды, працягвалі сваю мастацкую дзейнасць і, бачачы прыгажосць Божага тварэння, сваімі талентамі ўсхвалялі яе Стваральніка ў фарбах. Дзяцінства — самая светлая і радасная пара ў жыцці кожнага чалавека. Менавіта ў дзяцінстве, на думку архіпастыра, фарміруецца характар і светапогляд асобы, таму ў гэты перыяд жыцця асабліва важны клопат пра дзіця не толькі ў матэрыяльным, але і ў духоўным, і ў маральным плане. Акрамя таго, дзяцінства — найшчаслівейшая пара жыцця, напоўненая святлом, радасцю штодзённых адкрыццяў, чысцінёй душы. Уладыка пажадаў, каб наступныя жыццёвыя напластаванні не перабівалі непасрэднай дзіцячай здольнасці ўспрымаць прыгажосць Божага свету.
Акрамя дыпломаў за подпісам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, канкурсанты атрымалі каштоўныя падарункі і салодкія прызы. Дапамагалі іх уручаць дыякан Іаан Барысевіч, клірык храма Праабражэння Гасподняга ў Мінску, і іерэй Сцяфан Варапай, клірык прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў Мінску, сакратар Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі БПЦ.
Цырымонія ўзнагароджання скончылася агульным фота ў акадэмічным храме свяціцеля Кірыла Тураўскага. У заключэнне старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнаму мастацтву, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы Марыя Валянцінаўна Нецвятаева правяла для дзяцей займальную экскурсію па царкоўна-гістарычнаму музею БПЦ.