Выстаўка «Блажэнная Валянціна — духоўная заступніца зямлі Мінскай» адкрылася ў краязнаўчым музеі горада Мазыра
25 сакавіка 202124 сакавіка 2021 года ў выставачнай зале краязнаўчага музея горада Мазыра адбылося ўрачыстае адкрыццё дабрачыннай выставы, прысвечанай святой блажэннай Валянціне Мінскай.
Выстава пачала працу па благаславенню епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда, які прысутнічаў на адкрыцці і азнаёміўся з экспазіцыяй.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены 35 карцін, напісаных падчас правядзення III Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай». Мастакі з 4 краін пабывалі ў месцах, дзе жыла і пахавана блажэнная Валянціна. Таксама ў рамках выставы экспануецца каля 80 буйнафарматных фатаграфій, якія захавалі зямное жыццё святой Валянціны Мінскай і падзеі, звязаныя з матухнай пасля яе спачыну.
Выстава праходзіць з 2012 года па ініцыятыве прыхаджан Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора і ўжо пабывала ў больш чым дваццаці гарадах нашай краіны.
Святая блажэнная Валянціна Мінская — першая ў гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы падзвіжніца, прылічаная да ліку святых у чыне блажэнных. Будучы прыкаванай невылечнай хваробай да ложка, яна не толькі пакорліва несла крыж сваёй хваробы, але і дапамагала блізкім, узносячы за іх малітвы Госпаду, суцяшаючы і падбадзёрваючы добрым словам. Сёння імя святой Валянціны Мінскай вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Выстава будзе працаваць у Мазыры па адрасе вул. Савецкая, 132, штодня з 10 да 18 гадзін да 4 красавіка. Уваход вольны. Далей экспазіцыя адправіцца ў Калінкавічы.