Загадчык бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі выступіў на VII Міжнародным кангрэсе «Бібліятэка як феномен культуры»

27 кастрычніка 2020

top.jpg

Загадчык бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі Ілья Перчанка прадставіў свой даклад на VII Міжнародным кангрэсе «Бібліятэка як феномен культуры», арганізаваным Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі 21-22 кастрычніка.

Па прычыне эпідэміялагічнай абстаноўкі даклад быў прадстаўлены ў відэаверсіі. Ён прысвячаўся тэме «Бібліятэка Мінскай духоўнай акадэміі: вопыт узаемадзеяння царкоўнай і свецкай бібліятэчных сістэм». 

Азнаёміцца з дакладам можна на афіцыйным youtube-канале бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі.

Удзельнікамі кангрэса сталі прадстаўнікі Беларусі, Германіі, Расіі, Францыі і Украіны. Гэта вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых арганізацый, адукацыйных устаноў, распрацоўшчыкі і вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі, літаратуразнаўцы і пісьменнікі.

Галоўная тэма кангрэсу ў гэтым годзе — «Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці». У бібліятэцы прайшлі пленарнае і секцыйныя пасяджэнні, круглыя сталы, семінары, віртуальная прэзентацыйная пляцоўка і майстар-клас.

Асноўнымі тэмамі для абмеркавання сталі гісторыя і культура краін, рэгіёнаў, мясцовасцяў як кірунак сучасных даследаванняў; арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, яе нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне; краязнаўчыя бібліяграфічныя рэсурсы і праекты; электронныя інфармацыйныя рэсурсы па краязнаўстве, краіназнаўстве; папулярызацыя краязнаўчых і краіназнаўчых ведаў, музеяў, архіваў; краязнаўчы кантэнт у інтэрнэт-прасторы; сучасная выдавецкая прадукцыя ў захаванні і прасоўванні гісторыка-культурнай спадчыны краін, рэгіёнаў.

Падчас адкрыцця кангрэса прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХVII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».

У рамках форуму працавала выстава выдавецкай прадукцыі, да ўдзелу ў якой былі запрошаны вытворцы традыцыйнай літаратуры і электронных рэсурсаў. Адбылося пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйнаму узаемадзеянню, а таксама прайшла прэзентацыя ўнікальнай анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях». Сумесна з выдавецкім домам «Звязда» прайшоў круглы стол пісьменнікаў і літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях да адзін аднаго», удзельнікамі якога сталі спецыялісты з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны.

На закрыцці кангрэса ўдзельнікі падвялі вынікі двухдзённай працы форуму, абмеркавалі ўзнятыя на секцыйных пасяджэннях пытанні, надалі значную ўвагу перспектывам развіцця карпаратыўнага і інфармацыйнага ўзаемадзеяння, захаванню дакументальнай спадчыны.

Вынікі працы VII Міжнароднага кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры» будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва паміж установамі культуры, адукацыі і навукі, развіццю краязнаўчай дзейнасці, фарміраванню інфармацыйнай культуры і стануць значным укладам у развіццё інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк.

МінДА / Church.by