Завершаны XII ваенна-патрыятычны злёт праваслаўнай моладзі Беларусі

27 чэрвеня 2018

10.jpg

На базе вучэбнага цэнтра дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь», размешчанага ў Смаргонскім раёне, 18-22 чэрвеня 2018 года прайшоў XII ваенна-патрыятычны, спартыўны злёт праваслаўнай моладзі Беларусі імя дабравернага князя Канстанціна Васіля Астрожскага.

У злёце прынялі ўдзел дзесяць каманд ад епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы. Асаблівай радасцю для ўдзельнікаў злёту стала сустрэча з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

На працягу ўсіх дзён рабяты прымалі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах. Прайшлі духоўна-гістарычная віктарына «1030-годдзе Хрышчэння Русі», віктарына «100 гадоў органам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь».

22 чэрвеня ў 4:00 ў памяць аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны была здзейснена Бажэственная літургія. Богаслужэнне ўзначаліў старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемадзеянню з Узброенымі сіламі і іншымі воінскімі фарміраваннямі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Сергій Кузьмянкоў.

Па заканчэнні Літургіі ад імя ўдзельнікаў злёту настаяцель прыхода храма святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра горада Смаргонь іерэй Аляксандр Шэлест усклаў вянок да памятнага знаку пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

У цырымоніі закрыцця злёту прынялі ўдзел: прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта палкоўнік Кірыл Аляксандравіч Кіндзель, начальнік Вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы палкоўнік Анатоль Уладзіміравіч Святошчык, протаіерэй Сергій Кузьмянкоў, шэраг афіцэраў і святароў. Па выніках спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтваў першае месца на злёце заняла каманда «Абаронцы Айчыны» са Слуцкай епархіі.

Лідская епархія / Church.by