Завяршыўся летні злёт моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы
27 ліпеня 2018Пінская епархія ўпершыню прымала летні Злёт моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў з 19 па 22 ліпеня 2018 года па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана. Арганізатарамі злёту выступілі Сінадальны аддзел па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, аддзел па справах моладзі Пінскай епархіі і прыход храма дабраверных князёў Пятра і Фяўроніі горада Пінска.
Прымаючы бок сустрэў гасцей з сапраўднай палескай гасціннасцю! Злёт праводзіўся ў двух гарадах. Першым удзельнікаў форуму сустракаў самы паўднёвы горад Пінскай епархіі - Столін. Цеплыня прыёму падтрымлівалася выдатным сонечным надвор'ем, ветлівасцю рабят-валанцёраў, якія за гэтыя дні сталі сапраўднымі сябрамі для ўсіх прысутных, і, вядома, прыгажосцю палескай прыроды і старадаўняга мястэчка Столін.
Настаяцелем царквы ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага, кіраўніком моладзевага аддзела Пінскай епархіі іерэем Аляксандрам Сыцэвічам быў адслужаны малебен на пачатак добрай справы. Першы дзень злёту скончыўся шпацырам па старадаўняму парку «Манькавічы» і песнямі ля вогнішча на беразе ракі Гарынь. Час, праведзены ў Століне, быў напоўнены шчырасцю невялікага, але гасціннага горада.
Другі дзень быў насычаны займальнымі, карыснымі лекцыямі і гутаркамі, якія праводзілі вядомыя лектары. Адзін з найбольш вядомых — протаіерэй Аляксандр Ільяшэнка — настаяцель храма Усяміласцівага Спаса былога Скарбяшчанскага (у гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць») манастыра горада Масквы, дырэктар і старшыня рэдакцыйнага савета партала «Праваслаўе і свет».
Напрыканцы свайго знаходжання ў Століне, удзельнікі злёту наведалі спартыўны комплекс «Аквамарын». Футбольныя, валейбольныя, тэнісныя пляцоўкі і басейн комплексу былі запоўненыя эмоцыямі ўдзельнікаў злёту. Развітаўшыся з горадам Столінам, рабяты выправіліся ў Пінск.
Там, у сталіцы Палесся і цэнтры Пінскай епархіі і працягнуўся злёт. Базай для далейшага правядзення праваслаўнага моладзевага форуму стала ўнікальнае месца ў сасновым бары, дзе на тэрыторыі прыхода святых Пятра і Фяўронні размясціўся палатачны гарадок удзельнікаў.
Традыцыйна самай важнай часткай злёту з'яўляецца сумесны ўдзел у начной Бажэственнай літургіі. Узначаліў літургію протаіерэй Іаан Задарожын, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі і дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча. Сабор святароў, дзіўны мужчынскі хор, храм, напоўнены моладдзю, сумеснае прычашчэнне Хрыстовых Таін, а затым агульны стол, які нагадаў знакамітыя трапезы любові першых хрысціян, глыбока ўразілі удзельнікаў. Ад некаторых рабят гучалі вельмі эмацыйныя водгукі:
- Гэта сапраўдны цуд, што мы разам! І мы разам з Богам!
Наступны дзень падарыў моладзі новыя сустрэчы і новыя ўражанні. Старажытны Пінск многія наведалі ўпершыню. Горад парадаваў усіх выдатным надвор'ем, своеасаблівай архітэктурай, гасціннасцю жыхароў і прыгажуняй Пінай. Тут удзельнікаў злёту чакалі майстар-класы, музычны спектакль «Дзімон» і песні ля вогнішча.
У апошні вечар пагутарыць з моладдзю прыбыў архіепіскап Сцяфан. Пасля гутаркі ён пажадаў усім моцнай веры і духоўнага ўдасканалення і падаў сваё архіпастырскае благаславенне.
Прыехаў і выдатны маскоўскі святар айцец Арцемій Уладзіміраў - прапаведнік, духаўнік Аляксееўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра горада Масквы, член Саюза пісьменнікаў Расіі. Айцец Арцемій прыняў удзел у Бажэственнай літургіі, а затым правёў сустрэчу-гутарку. Маладыя людзі, сабраўшыся ноччу вакол вогнішча, слухалі святара з неаслабнай цікавасцю.
Завяршылі праграму паказальныя выступленні гасцей з Мінска на workout-пляцоўцы і катанне на конях.
- Злёт - кажуць арганізатары - гэта місіянерскі праект, які павінен спрыяць духоўнаму росту моладзі, а некаторым, магчыма, дапаможа знайсці дарогу да храма.
Нядзельны дзень быў днём развітання. Развітваліся аднадумцы, якія за чатыры дні сталі сапраўднымі сябрамі: яны разам слухалі лекцыі, працавалі, маліліся і верылі. Многім цяжка было з'язджаць. Удзельнікі пераглядаюць фатаграфіі, чакаюць відэаролікі, якія захавалі падзеі злёту, і спадзяюцца на паўторную сустрэчу.