Жыхары вёскі Прылепы хочуць адрадзіць храм, пабудаваны свяшчэннамучанікам Іаанам (Пашыным)
09 жніўня 2018У вёсцы Прылепы Смалявіцкага раёна на падмурку разбуранага ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя Георгіеўскага храма была адслужаная Бажэственная літургія. Узначаліў богаслужэнне епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.
Служба здзейснілася ў памяць 80-годдзя мучаніцкага скону свяціцеля Іаана (Пашына), з імем якога звязана і ўзвядзенне самога храма, і аднаўленне народных традыцый набожнасці ў ваколіцах вёскі Прылепы.
Самы лепшы выгляд на наваколлі вёскі Прылепы ля Дуброўскага вадасховішча адкрываецца з гары, дзе яшчэ перад Першай сусветнай вайной быў пабудаваны храм у гонар святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Будаваў святыню і быў настаяцелем Георгіеўскага храма, асвечанага перад рэвалюцыяй, айцец Іаан Пашын — будучы епіскап Рыльскі, праслаўлены Царквою ў ліку свяшчэннамучанікаў ў саборы Курскі святых. Але нарадзіўся архіпастыр на беларускім Палессі і большую частку свайго жыцця служыў на роднай зямлі. Нягледзячы на тое, што храм велікамучаника Георгія прастаяў крыху больш за 20 гадоў, памяць аб ім захоўвалі. Абразы з разбуранага храма перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
— У 1939 годзе прыехалі сюды трактары і руйнавалі. Людзі, мясцовыя жыхары, разбіралі па хатах абразы. У мяне, напрыклад, дома захаваны абраз 1907 года, — прыводзіць словы жыхаркі вёскі Аношкі Таццяны Асташкевіч партал Sobor.by.
Літургія пад адкрытым небам здзяйсняецца на гэтым святым месцы ўжо другі раз. Сустрэць епіскапа Веніяміна перад пачаткам Літургіі прыбылі ўдзельнікі велапрабегу — свайго роду хрэснага ходу — маладыя людзі з Жодзінскага і Смалявіцкага благачынняў, рабяты з Усіхсвяцкага прыхода Мінска, а таксама мясцовыя жыхары. Архіпастыра віталі настаяцель прыхода Ражджаства Хрыстовага вёскі Задомля Смалявіцкага раёна святар Уладзімір Сташкевіч і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Жалязнова.
Самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да аднаўлення храма прымаюць дзеці. Упершыню паўтара дзясятка гадоў таму яго падмурак пачалі расчышчаць ад буралому і смецця, астаткаў вогнішчаў выхаванцы прыхода храма княгіні Сафіі Слуцкай з Мінска. Працягнулі гэтую высакародную справу хлопцы і дзяўчаты з нядзельнай школы Усіхсвяцкага прыхода беларускай сталіцы. І ўжо другі год запар тут працуюць удзельнікі моладзевага злёту Жодзінскага і Смалявіцкага благачынняў. Сумеснымі намаганнямі царковішча было расчышчана напярэдадні ўвечары.
Характэрна, што практычна ўсе маладыя людзі і дзеці, якія прынялі ўдзел у расчыстцы тэрыторыі падмурку разбуранага храма, ужо на наступным дзень ачысцілі і свае душы — на Споведзі перад прычашчэннем Святых Хрыстовых Тайн. І гэта прыклад для мясцовых жыхароў, якія выступаюць за адраджэнне, за аднаўленне Георгіеўскай царквы. Мала адрадзіць храм толькі дзеля гістарычнай справядлівасці, адзначыў у пропаведзі ўладыка Веніямін. Сёння, калі мы ўспамінаем 80-годдзе скону святога пакутніка Іаана (Пашына) неабходна адраджаць духоўнае жыццё ва ўсёй паўнаце.
На Літургіі, якая была адслужана на падмурку разбуранага храма ў Прылепах, епіскап Веніямін нагадаў усім прысутным, што цяпер у Беларусі праводзіцца Год малой радзімы. І гэтая акалічнасць нібы заклікае нас клапаціцца не толькі аб знешняй прыгажосці нашай зямлі, але і аб духоўным складніку. Заклікае чуць, як б'ецца сэрца нашага народа і як яно адгукаецца ў сэрцы кожнага чалавека.