Навігатар: Навіны / Анонсы / Епархіі

Жыхары Полацка і Наваполацка азнаёмяцца з праваслаўнымі святынямі Смаленшчыны і Беларусі

04 верасня 2017

4-2.jpg

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 4 верасня 2017 года ў Полацкім гарадскім Палацы культуры адкрылася перасоўная фотавыстава «Праваслаўныя храмы Смаленшчыны і Беларусі як сімвалы духоўнага яднання брацкіх народаў». Выстава будзе працаваць да 15 верасня.

З экспазіцыяй выставы плануюць азнаёміцца не толькі жыхары Полацка і Наваполацка, але і бліжэйшых раённых цэнтраў Віцебскай вобласці. Арганізатарамі выставы выступілі Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускага Экзархату і Смаленская епархія Рускай Праваслаўнай Царквы пры падтрымцы адміністрацыі Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі і міжнароднага грантавага конкурсу «Праваслаўная ініцыятыва».

Наведвальнікі выставы акунуцца ў хараство праваслаўных цэркваў і манастыроў Беларусі і Смаленшчыны з шматвяковай гісторыяй. Гэтыя ўнікальныя архітэктурныя збудаванні — не толькі дамы малітвы, але старажытнейшыя і найпрыгажэйшыя помнікі архітэктуры на нашых землях.

На фотаздымках прадстаўлены святыні, адноўленыя з руін, храмы, якія ўваходзяць у папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама жамчужыны беларускага Праваслаўя — Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр у Полацку і Успенскі мужчынскі манастыр у Жыровічах.

Унікальным з'яўляецца драўлянае дойлідства Палесся, асабліва тэрыторыі Брэсцкай і Пінскай епархій. Тут захавалася нямала храмаў XVI-XVII стагоддзяў.

Да канца 2017 года экспазіцыю ўбачаць жыхары Магілёва і Мінска.

Church.by