«Жыццё за сяброў сваіх». Протаіерэй Мікалай Коржыч аб вопыце зносін з мітрапалітам Філарэтам

18 лютага 2021

top.jpg

На сайце Слуцкай епархіі апублікаваны ўспаміны пра мітрапаліта Філарэта протаіерэя Мікалая Коржыча, настаяцеля Аляксандра-Неўскага храма ў Мінску, сакратара Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў 2002-2016 гадах:

«Вядома, па-чалавечы вельмі шкада, што мітрапаліт Філарэт памёр, і яго зямны шлях скончыўся. Апошнія 20 гадоў майго жыцця былі самым цесным чынам звязаны з послухамі пры ўладыку.

...Заўсёды люблю ўспамінаць водгукі свайго бацькі, протаіерэя Мікалая Коржыча, які быў настаяцелем храма святых Касмы і Даміяна ў Слуцку[1]. У савецкія гады бацька паступіў у семінарыю — пайшоў, у сваю чаргу, па слядах свайго бацькі, протаіерэя Паўла Коржыча. Іх знаёмства з уладыкам Філарэтам адбылося ў семінарскіх сценах, у тагачасным Загорску, цяперашнім Сергіевым Пасадзе. У 1972 годзе, перад сваёй дыяканскай хіратоніяй, бацька меў размову з уладыкам — тады епіскапам Дзмітраўскім, маладым рэктарам Маскоўскіх духоўных школ. Уладыка Філарэт падарыў бацьку свой уласны падраснік. Той аказаўся завялікім, і архіерэй, заўважыўшы некаторую разгубленасць семінарыста, падбадзёрыў яго: «Не перажывай, былі б коці, а мяса нарасце!»

К таму часу бацька быў ужо жанаты, і ўладыка праяўляў клопат аб сямейных студэнтах, даваў дадатковыя послухі для пражытку і матэрыяльнай падтрымкі, — так што мой бацька працаваў на прасфорні і спяваў у семінарскім хоры. У 1972 годзе ўладыка Філарэт рукапалажыў на дыякана майго бацьку, у 1999 — мяне, і гэта адно са шматлікіх сведчанняў таго, што цэлыя пакаленні святароў выраслі пад ягоным амафорам. Падраснік той, дарэчы, бацька захоўваў да канца сваіх дзён.

Потым ужо, калі авва, будучы мітрапалітам Мінскім, даручыў мне быць сваім памочнікам, з'явілася магчымасць практычна штодзённа з ім мець зносіны, глядзець на яго велікадушнасць, дабрыню, сардэчнасць, міласэрнасць, шчырасць, малітоўнасць, дыпламатычнасць, пачуццё такту, на яго шматгранны жыццёвы вопыт. Уладыка пражыў доўгае, яркае, насычанае жыццё. Больш за 55 гадоў ён служыў Богу і блізкім у архіерэйскім сане. Адышоў у вечнасць на 86-м годзе жыцця. Безумоўна, яму давялося вынесці нямала цяжкасцяў, смуткаў, хвароб, звязаных з тым, што чалавек, які так самааддана працаваў, не мог захаваць сваё здароўе ў ідэальным стане. Ён, як гаворыцца ў Свяшчэнным Пісанні, душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх[2], за тыя каштоўнасці, якія лічыў галоўнымі: веру Хрыстову і Царкву.

...Памятаю, днём уладыка прымаў людзей, а ўначы працаваў з дакументамі. Часам ён мяне таксама да гэтага прыцягваў, асабліва калі было шмат розных зваротаў, і пасля гэтага разбору папер трэба было ехаць на тую ці іншую службу. Выязджалі, як правіла, рана, таму атрымлівалася так, што дзесьці да 6 раніцы ўладыка разглядаў дакументы, а ў 8 мы ўжо адпраўляліся ў шлях. І я здзіўляўся: уладыка, ну як так, гэта ж ноч не спаць, гэта шкодна для здароўя... а ўладыка адказваў: што гэта такое — адна ноч, вось калі мы працавалі ў АЗЦС[3], я мог і дзве, і тры ночы запар не спаць.

Так, уладыка не шкадаваў сябе. Пакуль быў мацней — мог пераносіць нагрузкі, а з узростам гэта пачало ўсё горш адбівацца на здароўі, падточваць сілы.

Дарэчы, варта памятаць вось пра што: ужо знаходзячыся на Мінскай кафедры, мітрапаліт Філарэт узначальваў «Міністэрства замежных спраў» Маскоўскага Патрыярхату, быў у Рускай Царкве дыпламатам нумар 1. Вядома, яго послух у АЗЦС спрыяў таму, што пра Мінск сталі больш ведаць у свеце, што Царква ў Беларусі атрымала больш магчымасцяў для выжывання і будучага адраджэння. Красамоўны таму прыклад — будаўніцтва ў 1984 годзе Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, першага царкоўнага будынка, збудаванага ў нашай краіне пры савецкай уладзе.

У 1993-2011 гадах уладыка Філарэт быў кіраўніком Сінадальнай багаслоўскай камісіі[4] Рускай Праваслаўнай Царквы і на гэтай пасадзе заўсёды праяўляў сябе як чалавек міру, дружбы, дыялогу. На багаслоўскія форумы, арганізаваныя ім, прыязджалі прадстаўнікі ўсіх Памесных Цэркваў.

...Уладыка часта казаў, што лепшы адпачынак заключаецца ў змене працы. У рэдкія хвіліны адпачынку ён любіў пачытаць. Наведваўся да родзічаў у Маскве — ужо незабыўнага протаіерэя Васіля Ізюмскага[5], да сястры сваёй Вольгі Варфаламееўны [6], Царства ім Нябеснае…

Чытаў самае рознае. Любіў праглядаць і прэсу, і вывучаць багаслоўскую літаратуру. Аднойчы ў адпачынку мы з ім разам ездзілі на Кіпр, дзе у ўладыкі былі знаёмыя, і там ён чытаў протаіерэя Георгія Флароўскага. У іншамоўным асяроддзі ўладыка адчуваў сябе цалкам ўпэўнена, разумеў гутарковую грэчаскую мову. Калі быў архіепіскапам Берлінскім і Сярэднееўрапейскім[7], спецыяльна браў урокі нямецкай. Ужо пры мне чытаў газеты па-нямецку.

...Мітрапаліт Філарэт вельмі любіў наведваць Жыровіцкі манастыр і Мінскія духоўныя школы. Сам унікаў ва ўсе, нават дробныя дэталі таго, што адбывалася ў семінарыі, акадэміі, у жыцці абіцелі. Чаму?  таму што калі ўладыка ўпершыню прыехаў у Беларусь, адзіны манастыр тут быў Жыровіцкі. Адзінае месца, дзе можна было духавенству і паломнікам сабрацца ў вялікай колькасці. І збіраліся: на свята Жыровіцкай іконы Божай Маці, на прастольнае свята абіцелі — Успенне Прасвятой Багародзіцы. Таму ўладыка кожны тыдзень у Жыровічы ездзіў, меў зносіны і з выкладчыкамі, і са студэнтамі, пытаўся, у тым ліку, аб асабістых справах і заўсёды адгукаўся, калі ўзнікала неабходнасць у дапамозе. Вельмі шмат дапамагаў будаўніцтву храмаў — святары прыходзілі і казалі: уладыка, нам званы трэба, нам крыж трэба — і наш свяціцель адгукаўся. Гэта было для яго правілам. Вядома, многае з гэтага авва рабіў не для таго, каб мы зараз пра гэта распавядалі ... проста дабрадзейнічаў у адпаведнасці з Евангеллем: няхай не ве́дае левая рука твая, што робіць правая[8].

Уладыка прыклаў максімум намаганняў, каб у 1996 годзе была адкрыта Мінская духоўная акадэмія. Трэба было сабраць каманду, даць усяму гэтаму рух, магчымасць расці. Гэта патрабавала велізарных выдаткаў. Першапачаткова акадэмія знаходзілася ў Жыровічах, але мітрапаліт Філарэт падкрэсліваў, што ў перспектыве ёй належыць быць у Мінску, таму што тут ёсць база, тут ёсць выкладчыкі, прафесары, навуковая супольнасць, якая дапаможа духоўнай акадэміі развівацца.

...Калі мы праводзілі ўладыку на шлях ўсяе зямлі[9], прыйшлі на памінальную службу ў Свята-Духаў кафедральны сабор і аблачаліся, адзін з архіерэяў сказаў: дзякуй вялікі ўладыку за гэтае аблачэнне, ён мне яго калісьці падарыў. А хтосьці заўважыў: дзякуй вялікі ўладыку, што ён пакінуў людзей, якія могуць апрануцца ў гэтыя рызы…

І сапраўды, мітрапаліт Філарэт выхаваў цэлую плеяду архіпастыраў і святароў. І мноства вернікаў да Хрыста прыйшлі, гледзячы на прыклад ўладыкі Філарэта.

Тое — што правіца ўладыкі насадзіла, што ён пачаў,  усё прарасло. Усё насенне дало плён. Ці будзе гэта далей развівацца, квітнець або згасаць — гэта ўжо залежыць ад нас, прадаўжальнікаў справы вялікага Мінскага архіпастыра.

Мітрапаліт Філарэт паказаў нам такое Праваслаўе, якое прыцягвае да сябе. Трэба глядзець на яго вобраз, памятаць яго шматлікія добрыя справы і маліцца за яго — а ён, веру, будзе маліцца за нас».

[1] Гады жыцця: 1943 — 2011.

[2] Ін. 15:13.

[3] Аддзел знешніх царкоўных зносін (з 2000 года — Аддзел знешніх царкоўных сувязяў). Мітрапаліт Філарэт узначальваў АЗЦС з 1981 па 1989 гады.

[4] З 2009 года — Сінадальная біблейска-багаслоўская камісія.

[5] Гады жыцця: 1927 — 2020.

[6] Гады жыцця: 1925 — 1997.

[7] У 1973-1978 гадах.

[8] Мф. 6:3.

[9] Нав. 23:13: 1 Цар. 2:2

Слуцкая епархія/Church.by