У Мінску ўшанавалі памяць мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага)

17 мая 2016

top.jpg17 мая 2016 года споўнілася 85 гадоў спачыну мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага, 1879-1931) — аднаго з выдатных дзеячаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ХХ стагоддзя.

Пяць гадоў таму была ўсталявана памятная дошка з барэльефнай выявай Праасвяшчэннага Мелхіседэка на будынку Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пр-т Незалежнасці, 24), якую асвяціў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. З таго часу штогод 17 мая ў дамовым храме роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія Інстытута тэалогіі БДУ адбываецца заўпакойнае богаслужэнне ў памяць мітрапаліта Мелхісэдэка. На паніхідзе памінаюцца таксама імёны трох правячых архіерэяў Мінскай епархіі: Праасвяшчэннага Варлаама, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага (1880-1889); Праасвяшчэннага Сімяона, епіскапа Мінскага і Тураўскага (1889-1899); Праасвяшчэннага Міхаіла, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага (1889-1912). Яны былі пахаваны ў свой час пры архіерэйскім Пакроўскім храме, на месцы якога цяпер знаходзіцца мінскі Дом афіцэраў.

Сёлета ў дамовым храме Інстытута тэалогіі сабраліся студэнты, члены Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і праваслаўнай моладзі. Паніхіду адслужыў настаяцель храма протаіерэй Сергій Гардун, богаслужэбныя песнапенні выканаў хор студэнтаў Інстытута. Па сканчэнні паніхіды ў сваім слове да прысутных айцец Сергій адзначыў, што мітрапаліт Мелхіседэк, якому давялося несці свой архіпастырскі крыж у надзвычай цяжкія гады, пранёс яго дастойна і гэтым заслужыў любоў і глыбокую павагу духавенства і сваёй паствы. Айцец Сергій звярнуў увагу прысутных на неабходнасць больш глыбокага вывучэння жыцця і служэння архіерэяў Беларускай Праваслаўнай Царквы. “Гэта істотная частка нашай царкоўнай гісторыі, а царкоўная гісторыя — грунт для нашай царкоўнай свядомасці, — падкрэсліў ён. — Ушаноўваць памяць нашых свяціцеляў — гэта значыць выконваць запавет апостала Паўла: Памятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху, пераймайце веру іх (Яўр. 13: 7)”.

Мітрапаліт Мелхіседэк (Міхаіл Паеўскі) нарадзіўся 15 лістапада 1879 года ў вёсцы Вітуліна Бельскага павета Холмскай губерні (цяпер у Люблінскім ваяводстве Польшчы). Прыняў манашаства ў 1898 годзе, а 8 верасня 1916 года быў узведзены ў сан епіскапа. Служыў у Мінскай епархіі з 1919 года, спачатку як вікарый Слуцкі, а з 1921 года ў якасці правячага архіерэя. Як дзейсны глыбокаадукаваны архіпастыр, асветнік і прапаведнік карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод духавенства і насельніцтва.

Шлях служэння мітрапаліта Мелхіседэка прыпаў на 1920-я гады, найбольш трагічныя ў гісторыі дзяржавы і Царквы. У тых умовах яго самаахвярная дзейнасць, арганізатарскі талент былі накіраваны на захаванне Царквы, пераадоленне расколу, прымірэнне варагуючых бакоў, абарону мірнага насельніцтва ў час нямецкай і польскай акупацый. Дзякуючы яго мудрасці згубны ўплыў абнаўленчага расколу ў Мінску быў нязначным у параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі. Дзеля адмежавання ад абнаўленцаў і захавання паствы ўладыка Мелхіседэк аб’явіў аб утварэнні Беларускай аўтаномнай царквы. За вернасць пастырскаму абавязку і супрацьдзеянне абнаўленцам мітрапаліт Мелхіседэк тройчы быў арыштаваны савецкімі ўладнымі органамі.

Мітрапаліт Мелхіседэк меў вялікі  аўтарытэт асветніка і прапаведніка. Храмы Мінска пры ім былі перапоўнены веруючымі. Яго называлі «мастаком слова», а яго прамовы і пропаведзі людзі распаўсюджвалі ў рукапісах. Вышэйшай мэтай жыцця Праасвяшчэннага Мелхіседэка было захаванне традыцыйнай веры бацькоў, служэнне ідэалам дабра, міласэрнасці, міру і браталюбнасці, на гэтых прынцыпах ён засноўваў сваю пастырскую і асветніцкую дзейнасць. У Мінску яго доўга памяталі як чалавека глыбокай веры, самаахвярнасці, рэдкага асабістага абаяння.

Апошнія тры гады мітрапаліт Мелхіседэк служыў на кафедры Енісейска-Краснаярскай, пры гэтым ён заўсёды імкнуўся вярнуцца на радзіму, у родную Беларусь. Памёр Праасвяшчэнны Мелхіседэк 17 мая 1931 года ў час службы ў Пакроўскім храме Масквы. Пахаваны на маскоўскіх Праабражэнскіх могілках.

Church.by

Фоторепортаж