15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя перакладу Новага Запавету на беларускую мову
14 лістапада 201715 лістапада 2017 года ў 15:00 у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (горад Мінск, праспект Незалежнасці, 116, цэнтральны ўваход) адбудзецца прэзентацыя кнігі «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» (Мінск, 2017).
Прэзентацыю ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
На мерапрыемства запрошана духавенства Беларускага Экзархату, а таксама кіраўнікі Міністэрстваў культуры, адукацыі, інфармацыі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі Мінскай гарадской адміністрацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кіраўнікі, выкладчыкі і навучэнцы духоўных школ і свецкіх навучальных устаноў беларускай сталіцы. Арганізатары прэзентацыі: Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У праграме мерапрыемства:
1. Вітальныя словы Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, ганаровых гасцей.
2. Выступленне протаіерэя Сергія Гардуна (адказнага рэдактара перакладу).
3. Узнагароджанне членаў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія ўдзельнічалі ў перакладзе Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на сучасную беларускую мову, арганізатараў перакладу і выдання кнігі.
4. Выступленне Мітрапалічага хору Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска.
Падчас прэзентацыі можна будзе пазнаёміцца з выставай выданняў перакладаў кнігаў Бібліі на беларускую мову з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама наведаць унікальную выставу «Францыск Скарына і яго эпоха».
Уваход для наведвальнікаў на ўсе мерапрыемствы свабодны. Прадстаўнікі СМІ запрашаюцца да 14:00. Заяўкі на акрэдытацыю дасылаць на электронны адрас berdyuginaevgeniya@mail.ru. Даведкі па телефонах: 80333496327 (Яўгенія Сяргееўна Бярдзюгіна), 80292704494, 80291854788 (Валянціна Аляксееўна Сцяпанава).
***
У 2017 годзе ў жыцці Беларусі адбылася знамянальная падзея — да 500-годдзя з дня выдання Францыскам (у Святым Хрышчэнні Георгіем) Скарынам Псалтыра Беларуская Праваслаўная Царква выдала Новы Запавет, перакладзены праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову з старажытнагрэчаскага арыгіналу. Да сённяшняга дня ні адзін з раней зробленых перакладаў Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, ажыццяўляліся з ужо наяўных перакладаў, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі.
«Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» — плод саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія распачалі гэтую працу 25 гадоў таму па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (Вахрамеева), цяпер Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь. Над перакладам працавалі: протаіерэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя; протаіерэй Аляксандр Пачопка, бакалаўр багаслоўя; Іван Чарота, доктар філалагічных навук; Уладзімір Васілевіч, кандыдат філалагічных навук; Алесь Кароль, кандыдат багаслоўя, Таццяна Матрунчык, выканаўчы сакратар.
Пераклад зроблены з старажытнагрэчаскага тэксту, традыцыйна ўжытнага ў Праваслаўнай Царкве. У працэсе сваёй работы Біблейская камісія ўважліва аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову (працы Л. Дзекуць-Малея і В. Гадлеўскага, Я. Станкевіча, П. Татарыновіча, У. Чарняўскага, М. Міцкевіча, В. Сёмухі, А. Клышкі). Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.
Выданне ажыццёўлена пад агульным кіраўніцтвам Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, пры ўдзеле Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь і ТАА «Медиал». Кніга надрукавана накладам у 6 тысяч асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. З іх 500 асобнікаў — падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам. Тэкст надрукаваны ў дзве фарбы, маюцца графічныя застаўкі з традыцыйнымі для кожнай з кніг Новага Запавету сюжэтамі. Макет кнігі падрыхтаваны Брацтвам святых Віленскіх мучанікаў. Над мастацкім афармленнем працаваў Валерый Сенчанка, камп'ютарная вёрстка — Андрэй Дземчанка. Надрукаваны наклад у праваслаўнай тыпаграфіі «Orthdruk» (Беласток, Польшча).
Выданне тэкстаў Свяшчэннага Пісання Новага Запавету ў новым перакладзе на сучасную беларускую мову мае агульнанацыянальнае і гістарычнае значэнне. Яно будзе аказваць самы станоўчы ўплыў на духоўна-маральны стан нашага грамадства, літаратуру, мову, культуру і паслужыць умацаванню духоўных асноў грамадства і дзяржавы.