19 жніўня Праваслаўная Царква святкуе Праабражэнне Гасподняе
19 жніўня 2021Праабражэнне Гасподняе — вялікае праваслаўная свята, якое паводле царкоўнага календара адзначаецца 19 жніўня. У гэты дзень мы ўспамінаем евангельскую падзею, калі апосталы Пётр, Іакаў і Іаан убачылі Госпада Іісуса Хрыста пераўтвораным — ва ўсёй Боскай, вечнай славе.
Паводле евангельскага апавядання, падзеі Праабражэння (ператварэння, грэч.: Μεταμόρφωσις) адбыліся праз шэсць дзён пасля таго, як Хрыстос у гутарцы са сваімі вучнямі сказаў ім: «...праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, хто не зазна́е смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое пры́йдзе ў сіле» (Мк 9:1). Збаўца узяў з сабою трох вучняў — Пятра, Іакава і Іаана — і адправіўся на гару Фавор, каб памаліцца. Падчас малітвы Хрыстос «перамяніўся перад імі, і заззя́ла аблíчча Яго, як сонца, а ўбра́нне Яго стала белым, як святло» (Мф. 17:2).
Гэтай падзеяй Гасподзь Іісус Хрыстос сведчыць апосталам і кожнаму з нас, што Ён не толькі чалавек, але і Бог, Які ўцялесніўся, Які прыадчыніў нам на Фаворы сваю Боскую прыроду. Гэта паказвае нам і на сэнс зямнога жыцця чалавека. Паводле слова свяціцеля Афанасія Вялікага, «Бог увачалавечыўся, каб чалавек абагавіўся». Так і кожны хрысціянін закліканы да святасці, якім бы недасяжным не здаваўся нам гэты ідэал.
Народная назва Праабражэння Гасподняга «Яблычны Спас» нагадвае нам аб старажытнай традыцыі асвячаць у гэты дзень уроджай. У Ізраілі і паўднёвых хрысціянскіх краінах, напрыклад, Грэцыі, да часу свята як раз паспяваў вінаград. Гронкі вінаграду, а яшчэ каласы, людзі неслі ў храм для благаславення і ў знак падзякі Богу.
На рускіх землях вінаград рос далёка не ўсюды, таму традыцыя некалькі змянілася — сталі асвячаць яблыкі. За святочным богаслужэннем у гэты дзень здзяйсняецца асаблівая малітва на асвячэнне пладоў.