28 жніўня Праваслаўная Царква святкуе Успенне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі

28 жніўня 2021

top.jpg

28 жніўня Праваслаўная Царква святкуе Успенне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі — адно з двунадзясятых праваслаўных святаў. Па змесце двунадзясятыя святы цесна звязаныя з падзеямі зямнога жыцця Госпада Іісуса Хрыста і Прасвятой Багародзіцы.

Слова «успеніе» — вельмі старажытнае, у перакладзе на сучасную беларускую мову азначае «смерць, скон». Свята Успення устаноўлена ў памяць пра смерць Божай Маці. Падзеі папярэднічае двухтыднёвы Успенскі пост, па строгасці параўнальны з Вялікім постам. Варта таксама адзначыць, што Успенне — гэта апошняе двунадзясятае свята праваслаўнага царкоўнага года, які канчаецца 13 верасня па новым стылі.

У Бібліі мы не знаходзім звестак аб завяршэнні зямнога жыцця Прасвятой Багародзіцы, аднак Свяшчэннае Паданне Царквы паведамляе нам, што за тры дні да смерці Багародзіцы з'явіўся Архангел Гаўрыіл і абвясціў аб маючым адбыцца сконе. У той час Яна знаходзілася ў Іерусаліме. Усё здарылася менавіта так, як сказаў Архангел. Пасля смерці Прачыстай Дзевы апосталы пахавалі Яе цела ў Гефсіманіі. На пахаванні прысутнічалі ўсе, акрамя апостала Фамы. На трэці дзень пасля пахавання Фама захацеў убачыць Яе труну. Труну адкрылі, але цела Багародзіцы ў ім ужо не было — толькі Яе плашчаніца. Паводле Свяшчэннага Падання Царквы, пасля свайго Успення Божая Маці разам з целам і душой была ўзята Богам на неба.

У свята або пасвята Успення здзяйсняецца асаблівая служба — чын пахавання Прасвятой Багародзіцы. Духавенства храма выходзіць да плашчаніцы з выявай Маці Божай, якая ляжыць пасярод храма, здзяйсняе яе каджэнне ладанам, а потым абносіць яе вакол храма. Пасля гэтага ўсіх людзей, якія маліліся, памазваюць ялеем — асаблівым асвячоным алеем.

Church.by