30 мая пачынае работу Міжнародны мастацкі пленэр «Святасць зямлі Беларускай»

29 мая 2018

top.jpg30 мая 2018 года ў в. Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці распачнецца трэці па ліку Міжнародны мастацкі пленэр «Святасць зямлі Беларускай». У гэтым годзе мерапрыемства будзе прысвечана ўшанаванню памяці блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы ў Беларусі.

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбудзецца ў 10.00 у царкве свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Станькава. Малебен перад пачаткам усякай добрай справы ўзначаліць Праасвяшчэнны Павел, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі.

У гэтым годзе ўдзел у праекце прымуць мастакі з пяці краін. Акрамя беларускіх майстроў пэндзля ў пленэры будуць удзельнічаць творчыя суполкі з Расіі, Украіны, Румыніі і Малдовы. Адметнасцю пленэру стане правядзенне круглага стала «Царква і культура», прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі. Таксама ў праграме пленэра: сустрэчы мастакоў з выхаванцамі івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця; візіт на месца спачынку Валянціны Мінскай; знаёмства з месцамі, звязанымі з жыццём святой; сустрэчы з багасловамі і гісторыкамі БПЦ; розныя дабрачынныя акцыі. Папярэднія пленэры «Святасць зямлі Беларускай» былі прысвечаны 900-годдзю памяці свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Арганізатары праекта – Маладзечанская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Беларускі саюз мастакоў, Мінская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын», Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у горадзе Мінску. Ініцыятар мерапрыемства – прыход царквы святой Еўфрасінні Полацкай у  г. п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Куратар пленэра – Глеб Отчык, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў. Духаўнік пленэра – настаяцель храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у г. п. Івянец протаіерэй Віктар Перагудаў.

8 чэрвеня ў 17.00 у выставачнай зале Палаца культуры г. Маладзечна адкрыецца вернісаж. Урачыстую частку ўзначаліць епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Завершыцца пленэр выставай «Святасць зямлі Беларускай», якая пройдзе ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Палаца Рэспублікі ў Мінску з 19 чэрвеня па 3 ліпеня. Урачыстае адкрыццё выставы з удзелам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла адбудзецца 19 чэрвеня ў 17.00.

Арганізатары прадугледзелі продаж работ мастакоў, сродкі ад якога пойдуць на рэалізацыю дабрачыннага праекта «Мастакі – дзецям Лета» (дзецям з асаблівасцямі развіцця).

Інфармацыя аб ходзе пленэру будзе публікавацца на інтэрнэт-сайтах Маладзечанскай епархіі БПЦ і Беларускага саюза мастакоў.

Падрабязную інфармацыю пра мерапрыемства можна атрымаць па тэлефоне: +375 29 6753674.

Па пытаннях, звязаных з праграмай пленэра ў г. Маладзечна, звяртацца па тэлефоне: +375 29 6566354 (Аляксей Мікалаевіч Таратута).

Інфармацыю аб выставе «Святасць зямлі Беларускай» можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 2704494, +375 29 1854788 (Валянціна Аляксееўна Сцяпанава).

Church.by