405-ю гадавіну блажэннага скону праведнай Сафіі Слуцкай адзначылі на італьянскім востраве Сардзінія
20 красавіка 20174 красавіка 2017 года, падчас дзелавога візіту ў Мінск, спадар Марка Секі, памочнік прэзідэнта Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія (Італія) па міжнароднаму супрацоўніцтву, наведаў Свята-Духаў кафедральны сабор.
Высокага госця сустрэў протаіерэй Мікалай Балахоўскі, старшыня прыходскай рады кафедральнага сабора. Айцец Мікалай вітаў спадара Марка Секі ад імя мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і правёў для госця экскурсію па храме.
Марка Секі пакланіўся цудатворнаму абразу Прасвятой Багародзіцы «Мінская», шануемаму вернікамі як Праваслаўнай, так і Каталіцкай Царквы. Затым памочнік прэзідэнта Сардзініі пакланіўся пачэсным мошчам праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай і Капыльскай. Высокі госць пазнаёміўся з жыццём святой, якая праславілася вернасцю Царкве і справамі міласэрнасці.
У памяць аб візіце спадару Марка Секі была падораная рэпрадукцыя іконы праведнай Сафіі Слуцкай. Прымаючы вобраз святой, памочнік прэзідэнта Сардзініі абяцаў перадаць яго праваслаўнай абшчыне горада Кальяры.
16 красавіка Марка Секі афіцыйна ўручыў абраз праведнай княгіні свяшчэнніку Мікалаю Вольскаму, настаяцелю праваслаўнага прыхода ў гонар прападобнага Савы Асвячонага ў Кальяры. Уручэнне адбылося падчас пасхальнай Бажэственнай літургіі.
У мерапрыемствах браў удзел Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры Джузэпэ Карбоні, які павіншаваў усіх вернікаў з наступіўшым святам і падзякаваў Рэгіянальнаму ураду Сардзініі за аказаную падтрымку пры правядзенні года беларускай культуры і за плённае супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь.
На працягу апошніх гадоў Ганаровае Консульства Рэспублікі Беларусь на Сардзініі арганізоўвала шматлікія культурныя мерапрыемствы з нагоды асноўных праваслаўных святаў. 405-я гадавіна блажэннага скону праведнай Сафіі Слуцкай — важная падзея для нашых суайчыннікаў і вялікая радасць для беларускай дыяспары на Сардзініі.