60 гадоў без водпускаў: юбілей пастырскага служэння адзначыць найстарэйшы клірык Магілёўскай епархіі

17 жніўня 2018

DSC01550.jpg

Двайны юбілей адзначыць у жніўні найстарэйшы клірык Магілёўскай епархіі, настаяцель Свята-Троіцкага сабора горада Хоцімска архімандрыт Кірыл (Бадзіч). 18 жніўня споўніцца 60 гадоў з дня яго дыяканскай хіратоніі, а 21 жніўня — 60 гадоў са дня свяшчэнніцкага рукапалажэння.

Айцец Кірыл служыць у Хоцімску без водпускаў. На першае месца свайго служэння, да старой Пакроўскай могілкавай царквы, ён прыбыў у 1958 годзе і адразу заняўся добраўпарадкаваннем даручанага яму храма, пры гэтым не перастаючы маліцца аб вяртанні вернікам старадаўняга Свята-Троіцкага сабора. Перажываючы боль і прыніжэнне, святар сабраў 8 750 подпісаў за аднаўленне царквы. У 1992 годзе сабор вярнулі вернікам.

91-гадовы святар штодня ўстае а 5-й раніцы і накіроўваецца ў храм, каб здзейсніць Літургію. Айцец Кірыл сам пячэ прасфоры, умее шыць і вырошчвае кветкі.

Штотыдзень ён здзяйсняе шматгадзінную паніхіду па жыхарах Хоцімшчыны, якія загінулі падчас дзвюх сусветных войнаў і ў сталінскіх засценках. Іх каля 11 тысяч, і імя кожнага, а таксама год і месца яго спачыну беражліва ўнесены рукой святара ў жалобную кнігу.

Акрамя 4-х хоцімскіх храмаў і капліц, айцец Кірыл аднаўляў сам і дапамагаў аднаўляць іншым звыш дзясятка цэркваў на Магілёўшчыне і Браншчыне. Але справа ўсяго яго жыцця — гэта поўнае аднаўленне сабора Святой Жываначальнай Тройцы, які тыдзень за тыднем збірае вернікаў з Беларусі, Расіі і Украіны.

У багаборчыя гады ў доміку айца Кірыла існавала падпольная духоўная семінарыя. Выхаванцаў да айца Кірыла нярэдка дасылаў правячы архіерэй. 8 прыёмных дзяцей хоцімскага бацюшкі служаць у вялікіх саборах і малых храмах Беларусі і блізкага замежжа.

У 2002 годзе айцец Кірыл атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». У 2005 і 2013 гадах райвыканкам уручыў настаяцелю Свята-Троіцкага сабора дыплом «Чалавек года», у 2009 годзе — узнагародзіў ганаровай граматай «За вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне». За вялікі ўклад у маральна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення архімандрыт Кірыл быў узнагароджаны медалём «60 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Сярод царкоўных узнагарод айца Кірыла — ордэн Беларускай Праваслаўнай Царквы свяціцеля Кірыла Тураўскага II ступені і ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы роўнаапостальнага князя Уладзіміра III ступені.

Сабор Святой Троіцы / Church.by