Археалагічны летнік для моладзі і падлеткаў запрашае да ўдзелу

23 мая 2018

top.jpgУ археалагічнай экспедыцыі, якая праводзіцца пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры ў Навагрудскім раёне, штогод арганізуецца валанцёрская група моладзі і падлеткаў. У 2018 г. група будзе дзейнічаць з 13 па 28 ліпеня. Запрашаюцца добраахвотнікі з ліку моладзі, студэнтаў і навучэнцаў, якім цікава правесці 2 тыдні ў добрай сяброўскай кампаніі, паспрабаваць сябе ва ўмовах экспедыцыйнага жыцця і займацца карыснай для грамадства справай.

Асабліва вітаюцца заяўкі ад моладзі, якая ўдзельнічае ў брацтвах і іншых праваслаўных аб’яднаннях, і ад падлеткаў (ва ўзросце ад 14 гадоў), якія наведвалі нядзельныя школы пры царкоўных прыходах. Мэта – далучэнне моладзі і падлеткаў да практычнай дзейнасці па даследаванню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Валанцёры працуюць па 4 – 6 гадзін у дзень на археалагічных раскопках; у вольны час праводзяцца лекцыі, літаратурныя сустрэчы і экскурсійныя паездкі. З удзельнікамі школьнага ўзросту працуюць дасведчаныя педагогі. Грашовыя ўзносы для ўдзелу ў экспедыцыі не патрэбны.

Археалагічныя даследаванні вядуцца з 2011 г. па ініцыятыве Лаўрышаўскага манастыра (заснаваны ў XIII стагоддзі), з благаславення архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. Працу вядзе Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў. Больш падрабязныя звесткі можна прачытаць у інтэрнеце на сайце беларускай Вікіпедыі ў артыкуле «Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі».

Даведкі і запіс па тэл. «Velcom» (29) 647 74 30, альбо па эл. адрасе: ekspiedycyja.lauryshava@gmail.com

Church.by