Архіепіскап Гродзенскі Арцемій ажыццявіў спецгашэнне паштовай маркі з выявай Каложскай царквы

19 верасня 2018

top.jpg

14 верасня 2018 года ў храме Каложскай іконы Прасвятой Багародзіцы адбылася цырымонія спецыяльнага гашэння паштовай маркі «Гарады Беларусі. Гродна» з выявай старажытнага Барыса-Глебскага (Каложскага) храма.

Выява Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы — старажытнай святыні і сімвала горада Гродна, які адзначае гэтымі днямі сваё 890-годдзе, — рэгулярна ўпрыгожвае паштовыя маркі. На новай марцы, шостай у серыі «Гарады Беларусі», Каложа зноў стала сюжэтнай дамінантай.

Тым не менш, не толькі па гэтай прычыне спецгашэнне было праведзена на тэрыторыі царкоўнага комплексу. Па словах начальніка выдавецкага цэнтра «Марка» Ірыны Шыпілавай, Каложа з'яўляецца ўнікальным храмам, наведвальнікі якога маюць магчымасць адправіць ліст або паштоўку прама ў сценах святыні XII стагоддзя.

Для таго, каб паштовая карэспандэнцыя магла быць адпраўлена з новымі маркамі, была праведзена цырымонія спецыяльнага гашэння. Дарэчы, маркі спецгашэння асабліва цэняцца сярод філатэлістаў з-за спецыяльнага штэмпеля, які выкарыстоўваецца толькі ў гэты дзень.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, архіепіскап Арцемій падкрэсліў, што ў савецкі час для многіх і асабіста для яго паштовыя маркі мелі асаблівае значэнне. Часам іх калекцыяніраванне станавілася адным з нешматлікіх спосабаў звароту да рэлігійных сімвалаў.

— Калі абразы можна было ўбачыць толькі ў музеі, рэдкія маркі з рэлігійнымі сюжэтамі станавіліся дадатковай аддушынай таго часу — падзяліўся ўспамінамі Яго Высокапраасвяшчэнства.

Выдавецкі цэнтр «Марка» часта звяртаецца да праваслаўнай тэматыкі. Першая марка незалежнай Беларусі была выпушчана ў 1992 годзе з выявай крыжа Еўфрасінні Полацкай. У падзяку за пастаянную ўвагу да тэмы веры ў марках, якія выпускаюцца, уладыка Арцемій паднёс у дар Ірыне Шыпілавай ікону Прасвятой Багародзіцы «Казанская». Дарам у адказ архіпастыру стаў альбом з калекцыяй паштовых марак Рэспублікі Беларусь.

У спецгашэнні таксама прымалі ўдзел: пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Корзун, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжак, Генеральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Гродне Генадзіюс Мяцкяліс, начальнік аддзела энергетыкі, транспарту і сувязі Гродзенскага аблвыканкама Наталля Прылепская, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шпарло, старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, дырэктар Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Іван Пратасевіч.

Гродзенская епархія / Church.by