Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній здзейсніў асвячэнне храма святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі ў горадзе Гродна
25 кастрычніка 202124 кастрычніка, у Нядзелю 18-ю пасля Пяцідзесятніцы, памяці святых айцоў VII Усяленскага Сабора, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній здзейсніў асвячэнне храма святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі прыхода ў гонар іконы Божай Маці «Спатолі мае журботы» ў мікрараёне Пагараны-Кашэўнікі горада Гродна.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: настаяцель храма ў гонар Сабора ўсіх Беларускіх святых у Гродне протаіерэй Анатоль Ненартовіч, сакратар Гродзенскай епархіі протаіерэй Мікалай Лабынько, благачынны Гродзенскай акругі протаіерэй Аляксандр Велісейчык, настаяцель храма ў гонар Усекнавення галавы Іаана Прадцечы ў Гродне протаіерэй Аляксандр Жалезны і клірык храма іерэй Аляксандр Цыбульскі.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Дзмітрый Шэпелеў.
Пасля асвячэння храма архіепіскап Антоній звярнуўся да вернікаў, растлумачыўшы сэнс здзейсненага чыну. Затым архіпастыр узначаліў служэнне Бажэственнай літургіі.
Падчас Літургіі былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай пошасці, а таксама асаблівыя малітвы аб упакаенні першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), 56 гадоў з дня архіерэйскай хіратоніі якога споўнілася ў гэты дзень.
Па заканчэнні богаслужэння архіепіскап Антоній звярнуўся да багамольцаў з пропаведдзю на тэму нядзельнага Евангельскага чытання.
За стараннае служэнне Царкве Божай Яго Высокапраасвяшчэнства ўручыў настаяцелю, дабрачынцам і прыхаджанам храма царкоўныя ўзнагароды. Кіраўнік епархіі таксама перадаў у дар абшчыне ў гонар іконы Божай Маці «Спатолі мае журботы» напрастольнае Евангелле.
Размова з архіпастырам працягнулася падчас трапезы на храмавай тэрыторыі.