Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній асвяціў званы ў Пустынскім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры
02 лютага 2021У Свята-Успенскім мужчынскім манастыры ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці асвяцілі пяць званоў.
Чын асвячэння ўзначаліў настаяцель манастыра, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Яму саслужылі благачынны манастыра іераманах Іларыён і настаяцель храма ў гонар іконы Тупічэўскай Божай Маці горада Мсціслава іерэй Ігар Шнейдэр.
Званы падарыў манастыру мецэнат Сяргей Харланцьеў — беларус, які пражывае ў Расіі. На яго рахунку ўжо больш за 50 падобных падарункаў храмам у Беларусі і Расіі. Званы Сяргей Харланцьеў адліў разам з сябрамі, яны ж дапамаглі даставіць іх у Пустынкі.
Па заканчэнні чыну асвячэння ўладыка Сафроній звярнуўся да прысутных. Ён павіншаваў усіх з асвячэннем званоў і падзякаваў тым, хто ўнёс сваю пасільную лепту ў гэту добрую справу.
Пустынскі манастыр — найстарэйшая праваслаўная абіцель Магілёўшчыны, заснаваная ў 1380 годзе Мсціслаўскім князем Сімяонам Альгердавічам.
У 1918 годзе манастыр быў зачынены і разрабаваны. У 1920-х гадах тут быў зладжаны дзіцячы дом. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак манастыра, сабора, званіцы і капліцы не пацярпелі. У пасляваенны час сфармаваны стагоддзямі архітэктурны ансамбль быў разбураны.
Работы па аднаўленні манастыра былі пачаты ў 2003 годзе. Вядуцца яны пад патранажам архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія.
Магілёўская епархія / Church.by