Архіепіскап Полацкі Феадосій наведаў Калядны канцэрт у Баравухскай сярэдняй школе № 15

26 студзеня 2019

9e3ccfb3f051759527987c1b5b7f1d74_XL.jpg

Перазвон, калейдаскоп дзіцячай творчасці і ўручэнне ўзнагарод — такім запомніцца гледачам вялікі Калядны канцэрт у Баравухскай сярэдняй школе № 15 горада Наваполацка, падрыхтаваны аддзелам гарвыканкама па адукацыі. Урачыстую частку мерапрыемства адкрыў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

Уладыка павіншаваў дзяцей і дарослых са светлым Ражджаством Хрыстовым, пажадаў юным навапалачанам умацоўвацца ў веры і жыць па законах Божых:

— Хрыстос прыйшоў на зямлю і прынёс нам самае галоўнае — святло ісціны. Сілу, мудрасць і благадаць звыш.

У сваім слове архіпастыр высока ацаніў працу наваполацкай сістэмы адукацыі па духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Найбольш яскрава праявіўшым сябе ў гэтым кірунку, а таксама спецыялістам, якія прынялі ўдзел у XVII рэспубліканскіх Свята-Еўфрасіннеўскіх педагагічных чытаннях, уладыка ўручыў дыпломы Полацкай епархіі. Асаблівых узнагарод удастоіліся начальнік аддзела па вучэбнай і выхаваўчай рабоце вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі гарвыканкама Наталля Сцегашова і настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 1 Ганна Шайтар. З рук уладыкі Наталля Валер'еўна і Ганна Сяргееўна атрымалі епархіяльны медаль свяшчэннамучаніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага, ІІІ ступені.

Старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч выказаў падзяку архіепіскапу Феадосію за сумесную працу па выхаванню падрастаючага пакалення, па адраджэнню культурных і духоўных каштоўнасцяў. Ад імя ўсіх работнікаў сістэмы адукацыі горада начальнік аддзела па адукацыі гарвыканкама Пётр Апановіч павіншаваў правячага архіерэя Полацкай епархіі з Ражджаством Хрыстовым і мінуўшым 75-годдзем букетам белых руж.

Працягнула канцэрт вялікая канцэртная праграма. На сцэну выйшлі юныя таленты з сярэдніх школ № № 3,7, 15, гімназіі № 2, Палаца дзяцей і моладзі, Дзіцячай школы мастацтваў № 3.

Атмасферу ўрачыстасці арганічна дапоўніла яркае афармленне хола школы. Гарадскую выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці наваполацкіх устаноў адукацыі «Калядныя матывы» навучэнцы суправаджалі майстар-класамі. Уладыка Феадосій надаў увагу ўсім рабятам, па традыцыі раздаўшы кожнаму салодкія гасцінцы.

Полацкая епархія / Church.by