Архіепіскап Полацкі Феадосій сустрэўся з педагогамі і навучэнцамі Баравухскай школы

25 мая 2018

top.jpg

У дзяржаўнай установе адукацыі «Баравухская СШ № 15 горада Наваполацка» адбылася сустрэча педагогаў і навучэнцаў з архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем. Мерапрыемства было арганізавана адміністрацыяй школы і старшынёй Баравухскага пасялковага выканаўчага камітэта Віталём Васкаловічам.

Словамі прывітання адкрыў сустрэчу старшыня Баравухскага пасялковага выканаўчага камітэта Віталь Васкаловіч.

Намеснік старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Адзіночкін, вітаючы прысутных, адзначыў, што рашэннем метадычнага аб'яднання Наваполацкага аддзела адукацыі на базе 15-й школы будзе арганізаваны рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню.

Дырэктар школы Ірына Васіленка выступіла з дакладам «На шляху да духоўнасці: вопыт работы школы па фарміраванню духоўна-маральных якасцей асобы»

— Мэтанакіраваная работа па захаванні духоўна-маральнага здароўя дзяцей прывяла да зніжэння ўзроўню здзяйснення правапарушэнняў навучэнцамі ва ўстанове адукацыі і ўтрымлівае станоўчую дынаміку з 2015 года, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна.

Навучэнка 11-га класа Аляксандра Мураўская прадставіла даследчую працу «Нябесных воінстваў заступнік» навучэнца 9-га «А» класа Уладзіміра Пратапопава (кіраўнік Е. Л. Пціцкая). Праца прысвечана гісторыі праваслаўнага храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў Баравусе.

Пасля музычнай паўзы ў выкананні навучэнкі 3 «А» класа Вікторыі Чабатарскай слова было прадастаўлена бібліятэкару Алене Салаўёвай, якая пазнаёміла прысутных з буктрэйлерам па кнізе Дзмітрыя Арэхава «Подзвіг Царскай сям'і». Сумесна з Аленай Салаўёвай над буктрэйлерам працавала настаўнік інфарматыкі Жанна Палтавец.

Далей выступіў архіепіскап Феадосій, які пабудаваў сваю прамову як дыялог з залай. Архіпастыр, у прыватнасці, нагадаў, што многія навукоўцы, палкаводцы і іншыя выдатныя гістарычныя дзеячы былі глыбока веруючымі людзьмі.

— Для таго, каб мець стратэгію ісціны і выжывання ў цяперашні час, трэба захаваць базавыя духоўна-маральныя каштоўнасці, якімі жыла наша нацыя... Мы захавалі сваю веру, культуру, мову, менталітэт толькі дзякуючы базавым каштоўнасцям, — адзначыў уладыка.

Заключным стала выступленне Віктара Кастрова, старшыні Наваполацкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», непасрэднага ўдзельніка баявых дзеянняў у Афганістане.

— Не страшная фізічная смерць, а страшная духоўная. Тады разбураюцца сем'і, калектывы і дзяржавы... У нас ёсць свая культура, свае звычаі, традыцыі, мараль — гэта трэба берагчы, — сказаў Віктар Кастроў, звяртаючыся да моладзі.

Фінальным акордам стаў песнапенне «Дастойна ёсць», выкананае настаўнікам музыкі і мастацтва Ларысай Лавіцкай і настаўнікам школы мастацтваў Вольгай Антонавай.

Архіепіскап Феадосій падарыў дырэктару Баравухскай школы Ірыне Васіценка кнігі па духоўна-маральнаму выхаванню.

Полацкая епархія / Church.by