Архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска стаў лаўрэатам першай прэміі фестывалю «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі»

15 мая 2017

top.jpg

З 8 па 13 мая 2017 года ў горадзе Гайнаўка (Польшча) адбыўся Міжнародны фестываль «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі».

Удзельнікам фестывалю падаў архіпастырскае благаславенне Блажэннейшы мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава.

Фестываль, які адлічвае сваю гісторыю з 1981 года, прайшоў ужо ў 36-ы раз. За права першынства спаборнічалі 30 хораў з Польшчы, Беларусі, Украіны, Расіі, Румыніі, Грузіі.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, удзел у музычным форуме прыняў архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска.

— Кожны з калектываў павінен быў даць праграму на 30 хвілін, — распавядае аб ходзе конкурсу рэгент архіерэйскага хору Віталь Сабалеўскі. — На конкурснай праграме наш хор выканаў 9 богаслужэбных песнапенняў. Прагучалі як класічныя творы рускай музыкі, так і духоўная музыка сучасных кампазітараў. Два сольныя нумары выканаў Уладзіслаў Вітушка.

Па выніках фестывалю мінчанам была прысуджана першая прэмія, а саліст архіерэйскага хору Уладзіслаў Вітушка быў узнагароджаны дыпломам «За лепшае выкананне сольнай партыі».

Акрамя конкурснага выступлення, архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора выступіў з сольным канцэртам у польскім горадзе Бельск-Падляскі. Фінальным пунктам канцэрта было выкананне польскай народнай песні.

Канцэрт зрабіў вялікае ўражанне на гледачоў. Кіраўнік гарадской улады Эўгеніюш Беразавец уручыў харыстам памятныя падарункі, выказаў жаданне працягнуць супрацоўніцтва і прапанаваў калектыву даць яшчэ адзін канцэрт на падляскай зямлі.

Гала-канцэрт «Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі» завяршыўся мнагалеццем у выкананні мінскага архіерэйскага хору.

Сярод гасцей гала-канцэрта былі польскія парламентарыі і прадстаўнікі рэгіянальнай улады, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы Аляксандр Авяр'янаў і генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Ала Фёдарава, паведамляе сайт фестывалю.

Church.by