Архіпастыры з пяці краін прынялі ўдзел у святкаванні дня памяці прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага
19 верасня 201918 верасня Праваслаўная Царква ўшаноўвае памяць змагара святой праваслаўнай веры, стойкага абаронцу чысціні хрысціянскага веравучэння — святога прападобнамучаніка Афанасія (Філіповіча), ігумена Брэсцкага. У гэты дзень у Брэсцкай епархіі адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя памяці святога апекуна Берасцейскай зямлі.
Рана раніцай ад сцен кафедральнага сабора прападобнага Сімяона Стоўпніка ў горадзе Брэсце стартаваў традыцыйны хрэсны ход да месца мучаніцкай смерці святога Афанасія Брэсцкага. Шэсце ўзначаліў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Ля помніка святому Афанасію Брэсцкаму, размешчанага побач з кафедральным саборам, Яго Высокапраасвяшчэнства прачытаў малітву прападобнамучаніку Афанасію. На шляху да асноўнага патока далучыліся хрэсныя хады з жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, што на Шпітальнай выспе Брэсцкай крэпасці, а таксама з прыхода храма Ражджаства Хрыстова ў горадзе Брэсце.
Бажэственную літургію ў Афанасьеўскім мужчынскім манастыры, узведзеным у пачатку ХХ стагоддзя на месцы пакутніцкага подзвігу прападобнага Афанасія Брэсцкага (+1648), узначаліў мітрапаліт Уладзімір-Валынскі і Ковельскі Уладзімір.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі архіпастыры з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны і Малдовы: мітрапаліт Львоўскі і Галіцкі Філарэт; археіпіскап Шумскі Іаў, вікарый Цярнопальскай епархіі, рэктар Пачаеўскай духоўнай семінарыі; архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній; архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан; архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан; архіепіскап Банчанскі Лонгін, вікарый Чарнавіцкай епархіі; епіскап Вазнясенскі і Першамайскі Аляксій; епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; епіскап Саянскі і Ніжнеудзінскі Аляксій; епіскап Сарокскі Іаан, вікарый Кішынёўскай епархіі; епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый; епіскап Барышэўскі Віктар, вікарый Кіеўскай епархіі; епіскап Рослаўскі і Дзеснагорскі Мялецій; епіскап Гайнаўскі Павел, вікарый Варшаўскай мітраполіі; епіскап Супрасльскі Андрэй, намесьнік Благавешчанскай Супрасльскай лаўры; епіскап Семяціцкі Варсанофій, вікарый Варшаўскай мітраполіі; епіскап Белагародскі Сільвестр, вікарый Кіеўскай епархіі, рэктар Кіеўскіх духоўных акадэміі і семінарыі; вікарый Тульчынскай епархіі епіскап Ладыжынскі Сергій; вікарый Ровенскай епархіі епіскап Дубенскі Пімен; гурт духавенства Брэсцкай епархіі.
За богаслужэннем маліліся: настаяцельніца жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, што на Шпітальнай выспе Брэсцкай крэпасці, ігумення Аляксандра (Жарын) і ігумення жаночага манастыра Усяміласцівага Спаса ў горадзе Кобрыне ігумення Еўфрасіння (Куракевіч).
На свяце таксама прысутнічалі прадстаўнікі абласной і гарадской улады, дэпутаты, супрацоўнікі дыпламатычных місій.
За богаслужэннем мітрапаліт Уладзімір узнёс малітву аб міры на ўкраінскай зямлі і аб адзінстве сусветнага Праваслаўя.
Пропаведзь перад прычашчэннем прамовіў благачынны Кобрынскай акругі, настаяцель кафедральнага сабора святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Кобрыне протаіерэй Сергій Утрата.
Па заканчэнні Бажэственнай літургіі перад шануемым абразом святога Афанасія Брэсцкага з часціцай яго святых мошчаў была ўзнесена саборная малітва.
Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан абвясціў прывітальны адрас мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
У прывітальным адрасе Патрыяршага Экзарха, у прыватнасці, гаворыцца:
«Будзь верны да смерці, і дам табе вянец жыцця (Апак. 2:10), — заклікае Гасподзь Сваіх паслядоўнікаў — дзяцей Адзінай, Святой, Саборнай і Апостальскай Царквы. Прападобнамучанік Афанасій (Філіповіч), ігумен Брэсцкі, усім сэрцам адгукнуўся на гэты заклік Божы і, здзейсніўшы свой подзвіг мужнага стаяння за веру праваслаўную, увайшоў вузкімі варотамі мучаніцкага скону ў Царства Нябеснае, дзе і цяпер жыве і моліцца за нас ля Прастола Гасподняга. Жыццё гэтага падзвіжніка было сапраўды падобным укрыжаванню Хрыста. Святы Афанасій адважна выкрываў унію, якая спарадзіла жорсткую варожасць і нянавісць паміж людзьмі, якія вызнаюць Хрыста. Ён адстойваў чысціню царкоўнага вучэння, за што быў падвергнуты заключэнню ў вязніцы, а затым забіты. Як і належыць кожнаму хрысціяніну, угоднік Божы дараваў сваім ганіцелям і катам, але пры гэтым не дапусціў ні малейшага кампрамісу ў пытаннях веры, застаўшыся да канца шчырым вызнаўцам чысціні праваслаўнай веры.
Промыслам Божым да нас праз стагоддзі дайшло дзіўнае прароцтва прападобнамучаніка Афанасія: «Там, дзе цела маё зраненае і скрываўленае за імя Божае пакладзена будзе, вера праваслаўная заквітнее, як іскра ў попеле закапаная, явіцца, заззяе і паўсюль засвеціць». Гасподзь дараваў нам невымоўную ласку — быць сведкамі ажыццяўлення гэтых слоў. У нашы часы родны для святога Афанасія горад Брэст з'яўляецца адміністрацыйным і духоўным цэнтрам мясцовай епархіі. Намаганнямі кіруючага архіерэя, уладыкі Іаана, духавенства, манахаў і набожных міран тут паспяхова развіваецца парафіяльнае жыццё, уладкоўваюцца манаскія абіцелі, здзяйсняюцца справы міласэрнасці ў мэтах выканання запаведзі Спасіцеля пра любоў да Бога і блізкіх. Урачыстасці, якія прайшлі з нагоды 1000-годдзя з дня заснавання горада Брэста, наглядна паказалі, наколькі вялікая роля праваслаўных традыцый і духоўна-маральных каштоўнасцяў у жыцці гэтага слаўнага горада, рэгіёна і беларускага грамадства ў цэлым. Значную падтрымку стваральным царкоўным ініцыятывам аказвае Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт на чале з Аляксандрам Сцяпанавічам Рагачуком, удастоеным нядаўна заслужанай узнагароды Беларускай Праваслаўнай Царквы — ордэна свяціцеля Кірыла Тураўскага.
Вельмі сімвалічна, што сёлета наша царква адзначае 180-годдзе з дня правядзення Полацкага сабора 1839 года, які скасаваў Брэсцкую царкоўную унію і паклаў канец шматгадовай варожасці і нянавісці на рэлігійнай аснове ў нашым народзе. Рашэнне Полацкага Сабора спрыяла вяртанню больш за паўтары мільёнаў беларускіх уніятаў у лона Праваслаўнай Царквы. Перакананы, што ўсе айцы Полацкага сабора з'яўляюцца духоўнымі спадчыннікамі прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага і што галоўны арганізатар сабора, незабыўны мітрапаліт Іосіф (Сямашка), стаіць сёння перад прастолам Божым і з усімі святымі моліцца аб пастве сваёй беларускай, якая працягвае сваё шэсце па зямной ніве.
У гэты святочны дзень малітоўна жадаю, каб памяць аб подзвігу святога прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага, натхняла нас на вернасць Маці-Царкве Праваслаўнай, надавала нам сілы ў барацьбе са сваімі страсцямі і недахопамі, умацоўвала нас у выкананні запаведзяў Гасподніх на ўсіх шляхах нашага жыцця».
Архіепіскап Брэсцкі Іаан цёпла падзякаваў сабратам-архіпастырам і паломнікам за сумесную малітву, нагадаўшы, што дзень памяці святога Афанасія — «другі Вялікдзень» для Брэсцкай епархіі.
Мітрапаліт Уладзімір-Валынскі Уладзімір падзякаваў архіерэям за няспынную апостальскую пропаведзь Евангелля Хрыстовага і малітвы аб міры і дабрабыце ўкраінскага народа, а таксама за падтрымку кананічнага адзінства Украінскай Праваслаўнай Царквы і яе прадстаяцеля — мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя.
З віншавальнай прамовай таксама выступіў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Іосіфавіч Барысюк.
Па благаславенню мітрапаліта Кішынёўскага і Малдаўскага Уладзіміра архіепіскап Брэсцкі Іаан быў узнагароджаны ордэнам Праваслаўнай Царквы Малдовы святога прападобнага Паісія Велічкоўскага II ступені. Узнагароду уручыў епіскап Сарокскі Іаан, вікарый Кішынёўскай епархіі.
У завяршэнне, па традыцыі, адбылася цырымонія ўскладання жывых кветак да помніка святога прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага.