Беларуская Праваслаўная Царква і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падпісалі План сумесных мерапрыемстваў на 2021-2025 гады

26 сакавіка 2021

top.jpg

25 сакавіка 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося падпісанне комплекснага плана сумесных мерапрыемстваў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на 2021-2025 гады.

Подпісы пад дакументам паставілі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

У сумесны план мерапрыемстваў уключана каля 50 пунктаў. У іх ліку — правядзенне сумесных навуковых форумаў і канферэнцый, круглых сталоў, семінараў, выстаў, навуковае кансультаванне розных мерапрыемстваў і г. д.

На ўрачыстай цырымоніі падпісання дакумента Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што вера заўсёды была дамінуючым інтэгратыўным фактарам, які аб'ядноўвае народ у цэласны арганізм не толькі ў рэлігійным, але і ў грамадска-палітычным сэнсе. «Хрысціянскае веравучэнне, хрысціянская мараль сталі галоўным кансалідуючым фактарам, на якім фарміравалася духоўна-маральнае жыццё народа і сістэма адукацыі і выхавання. Асабліва вялікая роля Праваслаўя ў развіцці культурна-гістарычных традыцый і каштоўнасцяў нашага народа», — падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

У сваю чаргу мітрапаліт Веніямін распавёў, што План сумеснай дзейнасці БПЦ і НАН Беларусі — гэта план супрацоўніцтва, якое накіравана на пабудову ў беларускім грамадстве духоўнага, асэнсаванага ладу жыцця, фарміраванне такой карціны свету і гісторыі, у якой чалавек, грамадства, прырода паўстаюць як часткі складанага, але гарманічнага цэлага.

Паводле слоў Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы, з хрысціянскіх манастыроў выраслі сучасныя навуковыя веды. «Сёння ў Беларусі існуюць духоўныя навучальныя ўстановы, у якіх беражліва перадаюцца традыцыі хрысціянскага мыслення. Усё гэта ўсяляе ўпэўненасць у паспяховасць рэалізацыі задуманых намі планаў, у тое, што наша агульная справа будзе служыць духоўнаму ўзрастанню нашага народа і росквіту краіны. Праграма, несумненна, будзе гэтаму садзейнічаць», — сказаў Патрыяршы Экзарх.

У ходзе візіту ў НАН Беларусі дэлегацыя прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы наведала музей гісторыі НАН Беларусі, пастаянна дзеючую выставу «Дасягненні навукі — вытворчасці». Мітрапаліту Веніяміну быў уручаны памятны знак «У гонар 90-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і калектыўная манаграфія «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў 5 тамах». 

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі/Church.by 

Фотарэпартаж